У Беларусі адзначаюць Дзень медыка
Гэта прафесійнае свята амаль для 180 тысяч грамадзян, якія працуюць у сістэме аховы здароўя. Сёлета, як ніколі раней, з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі да людзей гэтай прафесіі шмат увагі. Менавіта медыкі знаходзяцца на перадавой барацьбы з COVID-19.
«Надзвычайная сітуацыя паказала, колькі шмат у нас самаадданых людзей у медыцыне», – кажа лекар з Пінску Дзмітрый Хлебус:
– Тую прафесію, якую яны абралі адзін раз і назаўсёды, яны да яе ставяцца вельмі сур’ёзна і з душой. Хацелася б, каб вось гэтыя чалавечнасць, сардэчнасць выйшла на новы ўзровень дзеля таго, каб нашыя пацыенты былі нам больш удзячныя за нашу працу. І самае галоўнае – каб усе родныя і блізкія, якія акаляюць нашых калег, былі здаровыя і дарылі радасць зносін.
Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі налічваецца звыш 600 лякарняў і каля 2200 паліклінік. У вясковай мясцовасці працуе звыш 900 фельдшарскіх пунктаў аховы здароўя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bobr.by