У Беларусі адзначаюць Радаўніцу



Радаўніца – свята, якое адзначалі тысячы гадоў нашыя продкі як “малітву з плачам і галашэннем па памерлых”. Такое тлумачэнне даюць культуролагі і  этнографы. Падобнае свята ёсць яшчэ толькі ў летувісаў. І яно мае паганскія, я не хрысціянскія карані. Свае думкі пра Радаўніцу выказваюць гарадзенцы:

– Шаную Радаўніцу. А як жыць і не шанаваць? Так не можна, трэба шанаваць. Ходзім на могілкі, прыбіраем. Гэта ўжо як мы памрэм, ці будзе каму хадзіць?

– Радаўніца – гэта такі дзень, які абавязкова мусяць у кожным родзе адзначаць. Мы кожную Радаўніцу абавязкова едзем на могілкі. Нават на тыя, на якіх бываем толькі два разы на год – на Дзяды і на Радаўніцу. Па-першае, трэба іх прывесці ў парадак, памаліцца, знічы запаліць абавязкова.  Я лічу, што гэта патрэбна не столькі памерлым, колькі нам, жывым, нашым дзецям і нашым унукам. Каб яны ведалі, што трэба помніць нашых продкаў, паважаць іх і ніколі пра іх не забывацца.

– Мы ўсе, хто складае царкву, сёння молімся за памерлых, за тых людзей, якія адышлі ўжо ад нас, за дараванне тых іхных правінаў, у якіх яны, магчыма, не раскаяліся, бо не ведалі ці не памяталі тых грахоў. Але якія будуць дараваныя Божай міласэрнасцю. Молімся, таму што памерлыя не могуць самі Бога прасіць за сябе, не могуць маліцца, але яны чакаюць і спадзяюцца на нашую малітву.

Культуролаг Наталля Пасюта: Слова “Радаўніца” паходзіць або са старажытнагрэчаскай мовы і азначае «ружавы куст, дзень ружаў; свята памінання памерлых», або ад лiтоўскага  raudа «плач з галашэннем», ці ад агульнаславянскiх слоў «род» або «рад», ад iмя мiфiчнага бога Рады i г. д. Але арэал распаўсюджання слова быў характэрны менавіта для беларусаў і летувісаў. Мы яго, напрыклад, не знаходзім ва Украіне. Акрамя таго, элементы ў абрадах, традыцыі больш падобныя да летувіскіх. Таму большасць навукоўцаў схіляецца да балтыйскага паходжання гэтага слова.

Карані свята старажытныя – яно дахрысціянскае. Этнографы падкрэсліваюць, што культ продкаў яскрава выражаны і характэрны менавіта для  беларусаў, незалежна ад рэгіёна пражывання.

Прошча, ці памінальная страва на могілках у Радаўніцу, прыйшла да нас з паганскіх часоў. Калі людзі хочуць прытрымлівацца хрысціянскіх традыцыяў, то пакідаць ежу і пітво на магілах не варта.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота БелТА