У Беларусі атрымліваюць адукацыю больш за 20 тысяч замежнікаў



У Беларусі ў 2017/2018 навучальным годзе сярэднеспецыяльную і вышэйшую адукацыю атрымліваюць больш за 20 тысяч замежных грамадзян са 102 краін. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску 1 лютага паведаміла начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Ірына Шыткоўская.

„У параўнанні з 2010 годам іх колькасць павялічылася ў два разы. Традыцыйна нашымі асноўнымі рынкамі паслуг з’яўляюцца краіны СНД, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. Што тычыцца акадэмічнай мабільнасці, то штогод звыш 3,5 тысяч навучэнцаў i 3,7 тысяч педагагічных работнікаў выязджаюць за мяжу ў рамках розных праграм, у тым ліку Erasmus plus, MOST і іншых. Але гэта не вуліца з аднабаковым рухам. Мы таксама працуем над запрашэннем для чытання лекцый у нашых універсітэтах — 174 замежнікі запрасілі ў 2017 годзе”, — адзначыла прадстаўнік міністэрства.

Шыткоўская ўдакладніла, што ў пераважнай большасці замежныя студэнты ў Беларусі навучаюцца за ўласны кошт. „За кошт бюджэту — у нас ёсць квоты, якія вызначаны міжурадавымі пагадненнямі. Але яны, як правіла, не выбіраюцца. Я магу сказаць, што кожны год мы набіраем каля 200 чалавек. Усе астатнія, як правіла, платнікі. Што тычыцца грамадзян Таджыкістана, Расеі , Казахстана, то яны валодаюць тут роўнымі правамі з грамадзянамі Беларусі і могуць паступаць на бюджэтную форму навучання”, — дадала начальнік упраўлення.

БелаПАН