У Беларусі будуць праводзіць экспрэс-тэсты на COVID-19
Найбліжэйшым часам у Беларусі будуць праводзіць экспрэс-тэсты на каранавірус COVID-19, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан 22 сакавіка ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ.
„Кітайская Народная Рэспубліка нам перадае 1.008 панэляў для пастаноўкі экспрэс-тэстаў. Таму найбліжэйшым часам у нас будуць і экспрэс-тэсты”, — сказала яна.
Паводле слоў Богдан, Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўжо пратэставала 19 тысяч чалавек, якія былі „кантактамі першага або другога ўзроўню” з носьбітамі каранавіруса.
„У нас распрацаваныя чатыры планы дзеянняў, — паведаміла намеснік міністра. — На сённяшні момант мы знаходзімся на выкананні першага плана, плана эпізадычных захворванняў. Мы праверылі ўсё наша дыхальнае абсталяванне — гэта наркозна-дыхальныя апараты, апараты ШВЛ”.
Паводле слоў Богдан, пры неабходнасці для аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй можа быць перапрафілявана „больш за 30 тысяч ложкавага фонду”. „На сённяшні момант маем больш чым шэсць тысяч такіх месцаў, на якіх пацыентам можа быць аказаная кіслародападтрымка — гэта значыць рэсурсаў абсалютна дастаткова”, — падкрэсліла намеснік міністра.
Яна запэўніла, што „падстаў для панікі няма”. „Мы знаходзімся ў сітуацыі адзінкавых выпадкаў, мы прымаем меры па ізаляцыі пацыентаў, у якіх выяўлены РНК віруса, па ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню, па ўзмоцненым назіранні кантактаў другога ўзроўню”, — дадала чыноўніца. Асноўны ўпор Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў барацьбе з панікай — распаўсюджванне інфармацыі, заявіла Богдан. „Каб не дапусціць панікі, мы павінны даносіць людзям. Першае — пачынаць з пазітыўнай інфармацыі, другое — даваць аб’ектыўную інфармацыю”, — сказала намеснік міністра.