У Беларусі будзе створаны цэнтр гібрыднай хірургіі



У Беларусі будзе створаны цэнтр гібрыднай хірургіі, паведаміў 13 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) „Кардыялогія” Аляксандр Мрочак.

Паводле яго слоў, новы цэнтр будзе пабудаваны ў Менску на тэрыторыі РНПЦ „Кардыялогія”.

Як адзначыў Мрочак, сёння ў развітых краінах тэхналогія гібрыднай сардэчна-сасудзістай хірургіі займае вядучую пазіцыю ў лячэнні найбольш цяжкай групы пацыентаў з мінімальнай аперацыйнай траўмай і рызыкай развіцця пасляаперацыйных ускладненняў. Акрамя таго, гібрыдная хірургія дазваляе вырашыць праблемы, справіцца з якімі не атрымліваецца з дапамогай малаінвазіўных аперацый. Таму гібрыдная хірургія — гэта кірунак, у якім у найбліжэйшы час будзе развівацца і беларуская кардыялогія, падкрэсліў Мрочак.

Ён растлумачыў, што для выканання гібрыднай аперацыі патрэбныя адпаведныя тэхналогіі і абсталяванне. У Беларусі ж цяпер інтэрвенцыйная кардыялогія і кардыяхірургія існуюць паасобна, таму выканаць гібрыдную аперацыю ў адным месцы ўрачы не могуць з-за рознага тэхналагічнага абсталявання.

„З іншага боку, спецыяліст павінен быць не проста кардыяхірургам, а кардыяхірургам з мазгамі, павернутымі на інтэрвенцыйныя тэхналогіі. То бок гэта ўжо новы тэхналагічны комплекс”, — сказаў кіраўнік РНПЦ. Пры гэтым ён адзначыў, што спецыялістаў для гібрыднай хірургіі ў Беларусі ўжо рыхтуюць.

На рэалізацыю інавацыйнага праекта „Будаўніцтва дыягнастычнага, палатнага, аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса ў Мінску пад стварэнне ў ДУ „РНПЦ „Кардыялогія” цэнтра гібрыднай хірургіі” выдзелена 97 млн рублёў, у тым ліку 37 млн — з рэспубліканскага бюджэту і 60 млн — з рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду. Праект уключаны ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады.

На думку кіраўніка РНПЦ, гэтых грошай хопіць. Работы ўжо пачаліся — падрыхтаваны праект будынка цэнтра, выкапаны катлаван. Плануецца, што цэнтр гібрыднай хірургіі пачне сваю працу ў 2024 годзе.

Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы РНПЦ „Кардыялогія” Аляксандр Пацееў паведаміў, што рашэнне аб будаўніцтве гібрыднага блока было прынята пасля абмеркавання пытання аб стане аперацыйна-рэанімацыйнага блока, які існуе ўжо больш за 20 гадоў, „маральна і фізічна састарэў” і мае патрэбу ў рамонце. Так, рэсурсны тэрмін эксплуатацыі сістэм вентыляцыі, ахаладжэння, падачы медыцынскіх газаў, абсталявання цеплавузла перавышае фактычны больш чым удвая. „Замест таго каб займацца рэканструкцыяй, што звычайна даражэй за будаўніцтва, вырашана будаваць новы блок, які дасць больш тэхналагічных магчымасцяў для нашых хірургаў”, — растлумачыў ён.

Акрамя таго, адзначыў намеснік дырэктара цэнтра, у 2019 годзе 78% усіх кардыяхірургічных аперацый выконвалася ў рэгіёнах, аднак 60% усіх найбольш складаных — у РНПЦ „Кардыялогія”. „У сувязі з гэтым паўстала неабходнасць забяспечыць развіццё сучасных тэхналогій і развіваць на нашай базе гібрыдную сардэчна-сасудзістую хірургію”, — сказаў Пацееў.

belapan.by

Фота: БЕЛТА