У Беларусі будзе ўведзены інстытут парукі для амніставаных асуджаных



У Беларусі будзе ўведзены інстытут парукі для амніставаных асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), паведаміла намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс 19 красавіка ў інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Яна адзначыла, што пад будучую амністыю трапляюць непаўналетнія зняволеныя, асуджаныя на падставе арт. 328 КК, і адной з умоў будзе парука за іх з боку сваякоў.

Паводле слоў Чупрыс, на нарадзе па пытаннях амністыі і памілавання 16 красавіка Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Вярхоўнага суда распаўсюдзіць амністыю на непаўналетніх, якія ўчынілі злачынства ў сферы абароту наркотыкаў. «На іх будзе распаўсюджвацца гэтая мера незалежна ад частак артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, нават калі яны здзейснілі злачынства па частцы 1 або частцы 4, тым не менш такая пазіцыя агучаная, і прэзідэнт яе падтрымаў», – сказала Чупрыс.

Пры гэтым, дадала яна, для асуджаных за наркатычныя злачынства будзе задзейнічаны інстытут парукі. «Хадайніцтвы будуць разглядацца толькі тады і прымацца па iх рашэннi, калі разам з матэрыяламі справы паступяць парукі ад блізкіх сваякоў аб тым, што яны возьмуць на парукі сваіх дзяцей і будуць за імі ажыццяўляць асаблівы кантроль», – растлумачыла чыноўнік.

Згодна са словамі Чупрыс, гэтая «парука, або абавязацельства, павінна быць максімальна канкрэтызаваная» – адказныя за яе людзі павінны будуць прыкласці канкрэтны пералік мер (як уладкаваць на працу, як сацыялізаваць былых зняволеных).

Пад амністыю могуць трапіць і зняволеныя па справах аб карупцыі, паведаміла намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У краіне, падкрэсліла яна, «вядзецца вельмі сурʼёзная барацьба з карупцыяй, і ад гэтага адступіць ніяк нельга». «Таму гэтае пытанне было пастаўленае на асаблівы кантроль кіраўніком дзяржавы, ён вельмі пільна да яго ставіцца, вельмі ўважліва і задаваў шмат пытанняў на нарадзе. Прымацца рашэнне прэзідэнтам аб накіраванні закона ў той рэдакцыі, прапанаванай Вярхоўным судом у адносінах перш за ўсё да карупцыянераў, будзе толькі тады, калі яму будзе пададзеная ўся вычарпальная інфармацыя аб тых асобах, якія могуць трапіць пад амністыю», – сказала Чупрыс. «Гэта мера разавага характару», – дадала яна.

Чарговая амністыя ў Беларусі будзе прымеркаваная да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

БелаПАН

Фота: БелТА