У Беларусі да 1 верасня будуць выдадзены 44 новыя падручнікі



У Беларусі да 1 верасня будуць выдадзены 44 новыя навучальныя дапаможнікі. Пра гэта паведаміла дырэктарка Нацыянальнага інстытута адукацыі (НІА) Валянціна Гінчук.

„Да пачатку 2018/2019 навучальнага года будзе выдадзена 44 новыя навучальныя дапаможнікі. У першую чаргу гэта дапаможнікі для чацвёртых і восьмых класаў. Гэта звязана з абнаўленнем у гэтых класах навучальных праграм па ўсіх прадметах”, – сказала Валянціна Гінчук.

Таксама будуць выдадзены навучальныя дапаможнікі па замежных мовах для 3, 6, 9 і 10 класаў. Новыя кнігі пакладуць у партфель шасцікласнікі па матэматыцы і інфарматыцы, а таксама па працоўным навучанні. „Падыходы да распрацоўкі новых навучальных падаможнікаў застаюцца тымі ж, якія мы рэалізуем з 2015 года. Асноўнымі патрабаваннямі да новых падручнікаў з’яўляюцца даступнасць выкладання навучальнага матэрыялу, практыка-арыентаванасць задач і практыкаванняў, рэалізацыя розных форм прадстаўлення інфармацыі – дзеці будуць працаваць не толькі з суцэльным тэкстам, але і з графікамі, дыяграмамі і табліцамі, а таксама рэалізацыя ў навучальных дапаможніках міжпрадметных сувязей”, – адзначыла дырэктар НІА.

Акрамя таго, новыя навучальныя дапаможнікі будуць змяшчаць спасылкі на розныя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў па прадметах. „Настаўнік атрымае магчымасць дыферэнцыраваць адукацыйны працэс – у падручніку будзе выкладзены неабходны матэрыял для атрымання вучнем самай высокай адзнакі, але для дзяцей, якія праяўляюць цікавасць да прадмета, дадатковы кантэн дапаможа паглыбіць веды і адпрацаваць атрыманыя навыкі”, – растлумачыла Валянціна Гінчук. Паводле яе слоў, у новых навучальных дапаможніках таксама будзе выкарыстоўвацца тэхналогія дапоўненай рэальнасці. „Яна дае магчымасць ажыўляць карцінкі і ў большай ступені візуалізаваць вывучаемы навучальны матэрыял. Загрузіўшы бясплатна на электроннае ўстройства адпаведныя праграмы, вучні змогуць больш канкрэтна ўявіць з’явы, якія вывучаюцца. Тэхналогія будзе рэалізавана ў падручніках па фізіцы і па мастацтве для восьмага класа”, – рэзюмавала кіраўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі.

belta.by