У Беларусі дапрацаваныя ўласныя ўдарныя беспілотнікі



Ударныя беспілотныя лятальныя апараты, распрацаваныя айчыннымі абароннымі прадпрыемствамі, былі дапрацаваныя, паведаміў 23 верасня ў праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1” старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Раман Галоўчанка.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года прадстаўнікі беларускай абароннай галіны дэманстравалі Аляксандру Лукашэнку „пэўныя напрацоўкі ў сферы беспілотных лятальных апаратаў” і атрымалі ад кіраўніка дзяржавы „інструкцыі, як развівацца далей і што трэба дапрацоўваць”.

„Па ўдарных беспілотніках набраны нядрэнны тэмп, — адзначыў Галоўчанка. — Мы ўжо дэманстравалі сегмент беспілотнікаў — і, як мы яго называем, „лятаючы РСГ” (абр. „ручны супрацьтанкавы гранатамёт”. — БелаПАН.), і дроны, якія скідваюць асколачныя гранаты. Цяпер яны ўжо фактычна даведзены да патрэбнага стану. Ідзе трэніроўка і падрыхтоўка баявых разлікаў. Мы цяпер больш вывучаем тактыку прымянення — як правільна заходзіць на цэль, як больш эфектыўна паражаць яе. Гэта значыць увесь час на палігонах, нават цяпер, адбываецца баявое зладжванне, трэніроўкі разлікаў”.

Для процідзеяння варожым беспілотнікам у Беларусі распрацоўваюцца розныя сістэмы радыёэлектроннага падаўлення, паведаміў кіраўнік Дзяржкамваенпрама. Паводле яго слоў, прадпрыемства „КБ Радар”, якое ўваходзіць у склад камітэта, з’яўляецца „адным з сусветных лідараў па радыёэлектронным падаўленні і супрацьдзеянні беспілотнікам”.

„Сістэмы радыёэлектроннага падаўлення беларускай вытворчасці знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, — падкрэсліў Галоўчанка. — Беспілотнікі — вельмі вялікая праблема для многіх узброеных сіл і службаў бяспекі па ахове асабліва важных аб’ектаў. Мы адаптуемся пад патрэбы заказчыка — ад аховы прыватнага жыцця (гэта таксама праблема) да ваеннага прымянення. Літаральна на днях мы завяршылі выпрабаванні сістэмы з унікальнымі характарыстыкамі для сістэм такога класа для прадстаўнічых дэлегацый з рэгіёну Блізкага Усходу”.

Паводле слоў кіраўніка Дзяржкамваенпрама, Узброеным сілам сёння патрэбныя комплексы, якія б забяспечвалі „і масіраванае радыёэлектроннае падаўленне сродкаў праціўніка, і нанясенне масіраваных агнявых удараў”. „Таму мы, разумеючы пагрозы і працуючы ў цесным узаемадзеянні з Генеральным штабам Беларусі, стараемся звяртаць увагу на распрацоўку і выраб сістэм, якія могуць як абараніць Беларусь ад магчымых агрэсіўных дзеянняў, так і даць у рукі зброю стрымлівання”, — заявіў Галоўчанка.

belapan.by