У Беларусі каля 17 тыс. чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам



1 снежня Беларусь у ліку шэрагу іншых краін адзначае Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.

СНІД

Гэты дзень быў заснаваны ў 1988 годзе па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Падкрэсліваючы важнасць усебаковага супрацоўніцтва, нацыянальныя і міжнародныя партнёры адзначаюць, што толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць значных вынікаў і спыніць эпідэмію СНІДу да 2030 года. Ад СНІДу і асацыяваных хвароб у свеце ўжо памерла 35 мільёнаў чалавек.

Па статыстыцы ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывае каля 17 тыс. чалавек. Паказчык захворвання ВІЧ-інфекцыяй за 10 месяцаў 2016 года — 20,8 выпадку на 100 тысяч насельніцтва (у студзені—кастрычніку 2015 года — 19,9 на 100 тысяч насельніцтва).

Паводле інфармацыі спецыялістаў, у асноўным у краіне пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі — гэта 72,6% выпадкаў. Часцей за ўсё выпадкі ВІЧ-інфекцыі выяўляюцца ва ўзроставай групе ад 40 і больш гадоў — 33,6%, другой па значнасці з’яўляецца ўзроставая група 30—34 гады — 24,2%.

Улічваючы, што адным з эфектыўных прафілактычных напрамкаў у супрацьдзеянні распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца максімальнае выяўленне ўсіх выпадкаў захворвання, тэма Сусветнага дня ў гэтым годзе „Я ЗА! #прафілактыкаВІЧ”.

Мэта кампаніі — прыцягненне ўвагі да праблемы ВІЧ/СНІД з акцэнтам на важнасць праходжання своечасовага тэставання на ВІЧ-інфекцыю для захавання жыцця і паляпшэння яго якасці, а таксама павышэнне эфектыўнасці прафілактыкі ў цэлым. Паспяховыя і эфектыўныя інфармацыйныя кампаніі вырашаюць некалькі задач адначасова: інфармуюць пра спосабы абароны, фармуюць адэкватнае ўспрыманне ўласнай рызыкі, матывацыю да змены небяспечных паводзінаў і ўздзейнічаюць на стаўленне да людзей, якія жывуць з ВІЧ.

У Беларусі прайсці тэставанне, у тым ліку ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

На працягу снежня ў межах рэспубліканскай акцыі праводзіцца экспрэс-тэставанне на ВІЧ. Для найбольш уразлівых да ВІЧ-інфекцыі груп насельніцтва ў краіне створаны дадатковыя ўмовы для тэставання і кансультавання на базе ананімна-кансультацыйных пунктаў грамадскіх некамерцыйных арганізацый.

Усім ВІЧ-пазітыўным пацыентам, калі ў іх ёсць паказанні да прызначэння спецыфічнага лячэння, бясплатна даюцца лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі. Медыкі падкрэсліваюць, што своечасова пачаўшы антырэтравірусную тэрапію і прытрымліваючыся ўсіх указанняў лекара, людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё.

belapan.by