У Беларусі колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 перавысіла 78 тысяч
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 78.260 (+314 за апошнія суткі), памерла 828 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
За мінулыя суткі прырост новых выпадкаў інфекцыі крыху знізіўся. 28 верасня, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было 337 новых выпадкаў і чатыры смерці.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 74.320 пацыентаў (153 за апошнія суткі).
Праведзена 1.841.704 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 6.472.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
26 верасня ў эфіры праграмы „Панарама” на тэлеканале „Беларусь 1” выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што ў Беларусі назіраецца паступовы рост колькасці захворванняў на каронавірус. „Мы таксама, на жаль, прырастаем. Гэты рост носіць характар паступовы, але няўхільны, мы яго чакалі. Калі раней было крыху больш за 200 захворванняў у суткі, то ў апошнія некалькі дзён гэты рост стаў крыху больш за 300”, — адзначыў Піневіч.
Паводле яго слоў, крыху менш за 50% захворванняў прыпадае на Менск. Прычынай росту чыноўнік назваў адсутнасць сацыяльнага дыстанцыявання. „Пра які татальны ўплыў нашых мер можна казаць, калі ў тым жа Менску, што мы назіраем сёння, у суботу, што мы бачым па выхадных. Татальная адсутнасць дыстанцыявання”, — сказаў Піневіч, мабыць, маючы на ўвазе масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і самавольства сілавікоў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з кастрычніка ў Беларусі плануецца пачаць вакцынацыю добраахвотнікаў у рамках правядзення ў краіне двайнога сляпога рандамізаванага плацэба-кантраляванага даследавання вакцыны ад каранавіруса „Спадарожнік V”. Вакцына ўжо паступіла ў дзве клінікі краіны.
Фота: МН