У Беларусі ліквідаваныя звыш 250 арганізацый грамадзянскай супольнасці
У Беларусі прымусова ліквідаваныя больш за 250 арганізацый грамадзянскай супольнасці, паведамляюць праваабаронцы. Сярод ліквідаваных устаноў найбольш менавіта праваабарончых арганізацый.
„На працягу апошняга года беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці ўвесь час зазнаюць ціск і пераслед: дыскрэдытацыя ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, крымінальныя справы ў адносінах да грамадзянскіх актывістаў, масавыя праверкі, вобшукі, затрыманні, прымусовая ліквідацыя”, — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна спыніць ціск на актывістаў і сяброў арганізацый грамадзянскай супольнасці, аднавіць у рэгістрацыі прымусова ліквідаваныя арганізацыі, вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў, а таксама іншых палітычных зняволеных.
Праваабаронцы таксама заклікалі міжнародную супольнасць працягваць падтрымліваць прадэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя
