Акцыя на плошчы Незалежнасці ў Менску завяршылася без затрыманняў (абноўлена)



Акцыя на плошчы Незалежнасці ў Менску вечарам 1 верасня завяршылася без затрыманняў. На плошчы ў выніку сабраліся некалькі соцень чалавек. Каля 20.00 з’явіліся супрацоўнікі АМАП, пасля чаго людзі збіліся ў шчыльны круг. Мужчын жанчыны паставілі ўнутр круга, а самі сталі вакол іх у счэпцы і выконвалі розныя песні, у тым ліку «Купалінку». Перад імі стаялі каля дзясятка супрацоўнікаў АМАП. Частка ўдзельніц пачала вадзіць вакол іх карагод. Непадалёк стаяў аўтазак.

Некалькі дзясяткаў чалавек скандавалі «Жыве Беларусь». У нейкі момант на плошчы зʼявілася актывістка Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам. Яе сустракалі скандаваннем «Ніна» і «Дзякуй».

Так людзі прастаялі на плошчы каля паўгадзіны. Супрацоўнікі АМАП ніякіх сілавых дзеянняў не рабілі. У 20:10 прысутныя абвясцілі, што разыходзяцца. Яны праскандавалі «Кожны дзень» і «Малайцы!», А мужчыны крычалі «Дзяўчаты, дзякуй!»

У сувязі з тым што на прылеглых да плошчы вуліцах былі заўважаныя аўтазакі, удзельніцы акцыі пакідалі плошчу сумесна.

Каля гасцініцы «Мінск» знаходзіліся каля дзясятка амапаўцаў у поўнай амуніцыі. Праходзячы міма іх, некалькі жанчын уступілі з імі ў гутарку, падкрэсліваючы, што людзі проста гуляюць і не трэба іх затрымліваць. На што камандзір сілавікоў адказаў: «Так шпацыруйце, вас жа ніхто не кранае». Напярэдадні, па ўсяму Менску прайшлі масавыя дэманстрацыі беларускіх студэнтаў, вядома пра найменш 10 затрыманых, таксама ў ізалятарах апынуліся 8 журналістаў, на беларускіх прадпрыемствах рабочыя працягнулі забастоўкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by

***

Калона студэнтаў прайшла сёння больш за 22 кіламетры па Менску, спрабуючы прабіцца да Міністэрства адукацыі. Яны хацелі падаць петыцыю з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі, свабодных выбараў і вызвалення палітвязняў. Калі перад студэнтамі былі кардоны міліцыі, яны сыходзілі ад супрацьстаяння, імкнучыся не напружваць атмасферу. Уранку АМАП хапаў студэнтаў каля некалькіх універсітэтаў, затрыманыя былі, як мінімум, 24 чалавекі. Аднак студэнты некалькіх універаў здолелі злучыцца ў адну калону каля 12.30. Пасля да яе далучыліся калоны студэнтаў юрфака БДУ, БНТУ і Акадэміі мастацтваў, а таксама невялікая калона рабочых МТЗ. Студэнты скандавалі „Саша, ты адлічаны!”, „Жыве Беларусь!” і „Трыбунал!” Пазней зноў пачаліся затрыманні.

Пасля завяршэння акцыі каля „Дынама” былі затрыманыя фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, журналісты tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, а таксама журналіст Васіль Сямашка. Іх павезлі ў РУУС. Паводле слоў супрацоўнікаў міліцыі, каб „праверыць акрэдытацыю”.

Згодна са звесткамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на маршы студэнтаў таксама былі затрыманыя супрацоўнікі „Комсомольской правды” в Беларуси”: фатограф Святаслаў Зоркі, аператар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Эляшэвіч.

***

У калоне студэнтаў засталося каля 200 чалавек. Яны дайшлі да скрыжавання Кірава і Свярдлова, пасля чаго развярнуліся і пайшлі ў адваротны бок. У стадыёна іх пачалі масава затрымліваць.

У стадыёна «Дынама» былі затрыманыя мінімум 7 чалавек. Пасля гэтага маладыя людзі групай рушыла да метро, каб бяспечна даехаць дадому. Частка засталася на месцы, да 20 чалавек. Побач з імі спыніліся і дзяжураць тры сініх бусы без нумароў з супрацоўнікамі АМАПу.

Фота onliner.by

Пратэстоўцы прарвалі ачапленне на Незалежнасці. На Свярдлова пачаліся кропкавыя затрымання.

Супрацоўнікі сілавых структур некалькі разоў перакрывалі падыходы да плошчы Незалежнасці. У 16 гадзін студэнты ўсё ж такі выйшлі на праспект. Частка з іх прарвала ачапленне міліцыі, іншsя – ўцяклb па дарозе. Некалькі разоў перабягаючы праспект, моладзь наблізілася да плошчы Незалежнасці, падыход да якой ім зноў перакрылі. Студэнты, якіх засталося прыкметна менш, сышлі ў бок стадыёна «Дынама».

Фота tut.by

Тысячы студэнтаў і выкладчыкаў падпісалі петыцыі з патрабаваннем вызвалення палітвязняў і новых свабодных выбараў. Сёння яны збіраюцца падаць гэтыя петыцыі ў Міністэрства адукацыі. Прайшлі затрыманні.

Не зважаючы на гэта, вялізная калона студэнтаў розных ВНУ сталіцы зноў выйшла на праспект Незалежнасці і рухаецца ў бок цэнтру. Людзі на праспекце вітаюць іх з кватэр нацыянальнымі сцягамі. Аўтамабілісты масава сігналяць у знак падтрымкі.

Так гучыць сёння беларуская сталіца:

– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

Як паведамляюць тэлеграм-каналы, калі пад’ехалі бусы з АМАПам, студэнты ўзяліся ў счэпку і скандавалі «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!» Таксама для застрашвання на праспект выпусцілі аўтазак і аўтобус з сілавікамі. Студэнты пабраліся за рукі і скандавалі «Ганьба» і «Лукашэнку ў аўтазак!»

Беларускае Радыё Рацыя

***

У цэнтры Менска – затрыманні студэнтаў-дэманстрантаў. Адна група студэнтаў паспела дайсці да моста праз Свіслач каля плошчы Перамогі. Там дарогу ёй заступіла некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў АМАПу. Карэспандэнты БелаПАН бачылі як мінімум 15 затрыманняў. Астатнія ўдзельнікі шэсця разбегліся па найбліжэйшых дварах, іх пераследавалі сілавікі.

Другая група дэманстрантаў – студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта – спрабавала прайсці па вуліцы Захарава ад галоўнага корпуса ВНУ да плошчы Перамогі. Каля плошчы шлях ім перагарадзілі супрацоўнікі АМАПу і сілавікі ў цывільным у чорных масках. Некалькі чалавек былі затрыманыя, астатнія кінуліся бегчы ў бок ВНУ.

Студэнты сёння сабраліся ісці да Міністэрства адукацыі, каб перадаць свае патрабаванні. Тысячы студэнтаў і выкладчыкаў падпісалі петыцыі за свабодныя выбары і вызваленне палітвязняў.

Журналістка «Еўрарадыё» Марыя Вайтовіч і журналіст газеты «Беларусы і рынак» Раман Годун затрыманыя ў жывым эфіры «Еўрарадыё» – яны вялі стрым са студэнцкай акцыі пратэсту. Міліцыянт не прадставіўся, сказаў, што патрабуецца праверка «праўдзівасці пасведчанняў». Паслухаем урывак са стрыму:

– Вы з якога, «Еўрарадыё»?

– Так. Мы проста паказваем тое, што адбываецца ў горадзе.

– А з кім вы паказваеце?

– Мы паказваем з вамі літаральна зараз.

– А хто вас дакументаваў? Трэба праехаць з намі для высвятлення сапраўднасці дакументаў.

– А скажыце, калі ласка, хто нас затрымаў і з кім мы ідзем, бо мы нем ведаем?

– Я вам там усё растлумачу.

– А вы зараз скажыце, калі ласка.

– З супрацоўнікамі міліцыі ідзяце.

– Нас вядуць для праверкі дакументаў. але чалавек які вядзе, не прадставіўся.

Вось так адбывалася затрыманне журналісткі Марыі Вайтовіч і аператара Рамана Годуна, якія вялі жывую трансляцыю са студэнцкага страйку ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя

***

14.00. На Плошчы Перамогі АМАП. Даведаўшыся пра гэта, калона студэнтаў збочыла на вуліцу Казлова, каб пазбегнуць сутычкі.

13.35. Для запалохвання студэнтаў на праспект сілавікі выкацілі аўтазак і аўтобус з амапаўцамі. Студэнты сталі і скандавалі „Ганьба!” і „Лукашэнку ў аўтазак!”. Тым часам вялізная калона студэнтаў БНТУ выйшла насустрач  калоне студэнтаў розных ВНУ сталіцы, якая падышла да вуліцы Броўкі з цэнтру. Цяпер дзве калоны рухаюцца назад у бок цэнтру, у кірунку плошчы Якуба Коласа ўздоўж праспекту.

13.25. Некалькі тысяч студэнтаў пайшлі па праспекце Незалежнасці ад Плошчы Якуба Коласа да Акадэміі Навук.

13.15. Калі да студэнтаў пад’ехалі бусы з амапаўцамі, моладзь арганізавала счэпку. Студэнты скандуюць „Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!”.

13.10. Колькасць студэнтаў-дэманстрантаў сягае зараз паўтары тысячы чалавек. Людзі на праспекце вітаюць іх з кватэр нацыянальнымі сцягамі. Аўтамабілісты сігналяць на знак падтрымкі.

Вялізная калона студэнтаў розных ВНУ Менску зноў выйшла на праспект Незалежнасці. Яна скіравалася  ў бок плошчы Якуба Коласа, адкуль зранку выйшла першая калона, якую жорстка разагналі карнікі.

1 верасня ў Беларусі заклікалі да ўсеагульнага страйку. Студэнты менскіх навучальных установаў выйшлі маршам да Міністэрства адукацыі.​

МДЛУ ачапілі сілавікі – туды накіроўваецца калона студэнтаў.

 

Фота: tut.by

***

Агульнанацыянальная аднадзённая забастоўка запланаваная сёння, 1 верасня, у Беларусі. Апазіцыя заклікае грамадзян не выходзіць на працу і вучобу.

Беларускія актывісты абвясцілі першага верасня «Днём салідарнасці». Страйкавыя камітэты абяцаюць зладзіць самую буйную і масавую забастоўку ў гісторыі краіны. Каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і жорсткімі дзеяннямі сілавікоў, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі заклікаюць страйкаваць не толькі рабочых на заводах, але і прадпрымальнікаў, наёмных работнікаў у офісах, выкладчыкаў, студэнтаў і нават школьнікаў.

Інструкцыі для страйкоўцаў распаўсюджваюцца не толькі ў сацсетках, але і ў выглядзе ўлётак у беларускіх гарадах. Замест працы і вучобы ўдзельнікі страйку плануюць адправіцца апоўдні да найбуйнейшых заводаў, каб падтрымаць бастуючых працоўных.

Разам з тым беларуская апазіцыя заклікае аказваць ціск на ўладу праз фінансы – напрыклад, масава забіраць банкаўскія ўклады, здымаць валюту, ухіляцца ад падаткаў і не аплачваць камунальныя паслугі.

Галоўнымі патрабаваннямі страйкоўцаў застаюцца адстаўка Лукашэнкі і расследаванне збіцця і забойстваў пратэстуючых.

Беларускае Радыё Рацыя