У Беларусі налічваецца 65 880 тэст-сістэм для вызначэння каронавірусу
На сёння ў Беларусі рэшта тэст-сістэм для вызначэння каронавіруснай інфекцыі складае 65.880 з улікам 50 тыс., якія прыбылі на гэтым тыдні, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі ў Менску 10 красавіка.
У 13 лабараторыях штодня праводзяць прыблізна тысячу тэстаў, адзначыла яна. «За апошнія суткі мы зрабілі амаль 4 тыс. (3.992) тэстаў, 10% з іх паказалі станоўчы вынік. Для параўнання, калі мы рабілі за суткі прыкладна 1 тыс. тэстаў, то станоўчымі з іх аказваліся 8%, – сказала намеснік міністра. – На сённяшні дзень выканана 49.843 тэсты».
На думку Богдан, колькасць хворых будзе павялічвацца, і трэба быць да гэтага падрыхтаванымі. «Чым больш будзем тэставаць людзей, тым большая колькасць тых, хто заразіўся, будзе выяўленая. Міністр учора агучыў прагнозы, а наша задача застаецца ранейшай – не дапусціць рэзкага росту, як было ў іншых краінах, »спадзіста« прайсці гэтае захворванне, ніжэй за межавую нагрузку на сістэму аховы здароўя. На сённяшні дзень мы з гэтым спраўляемся і робім для гэтага ўсё», – заявіла яна.
Пры гэтым чыноўнік адзначыла, што тэст-сістэмы, якія паступілі з Кітая ў якасці гуманітарнай дапамогі, толькі пачынаюць выкарыстоўвацца. Працягваецца вытворчасць айчынных тэстаў. «Прыблізна 1 тыс. за суткі вырабляе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Пачынае распрацоўку Віцебск, і ад іх мы чакаем вялікіх тэмпаў распрацоўкі тэст-сістэм», – паведаміла намеснік міністра.
Міністэрства аховы здароўя таксама разглядае магчымасць адкрыць дадатковыя лабараторыі па вытворчасці тэст-сістэм, калі ўзнікне неабходнасць тэставаць прыблізна 6 тыс. пацыентаў за суткі.
Усе тэсты, якія выкарыстоўваюцца ў краіне, грунтуюцца на метадзе ПЦР-дыягностыкі. «Прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні яшчэ аднаго тэставання на аснове вызначэння імунаглабуліну М і імунаглабуліну G. Гэтыя два імунаглабуліны, якія паказваюць, у якой стадыі знаходзіцца захворванне – вострае або ідзе працэс выздараўлення. Гэтая інфармацыя вельмі важная, бо яна пакажа і назапашаны імунітэт», – растлумачыла Богдан.
На COVID-19 тэстуюць пацыентаў з цяжкай і сярэдняй ступені цяжкасці пнеўманіяй, асоб, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, кантактамі другога ўзроўню, пры наяўнасцi ў iх прыкмет рэспіраторнага захворвання, а таксама грамадзян, што ўязджаюць у краіну. Пашырэнне кола тэставаных пакуль не плануецца. «Усё будзе залежаць ад распаўсюджвання эпідпрацэсу і ад колькасці станоўчых вынікаў. Калі на працягу нейкага часу мы не будзем атрымліваць станоўчыя тэсты, то праводзіць масавае даследаванне дзеля аднаго-двух выпадкаў будзе проста немэтазгодна», – заявіла намеснік міністра.
Яна паведаміла, што сіламі супрацоўнікаў кафедраў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і медуніверсітэтаў створаныя кругласутачныя цэнтры тэлемедыцынскага кансультавання. «З імі можа звязацца любы лекар з любой лякарні, каб правесці кансультацыю па пацыенце, які варты ўвагі», – удакладніла Богдан.
У Менску пацыентаў з каронавірусам шпіталізуюць у Рэспубліканскі шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава ў Бараўлянах. «Там у нас таксама знаходзяцца кантакты першага ўзроўню, якія не могуць знаходзіцца ў самаізаляцыі дома. Мы прынялі рашэнне: калі сярод іх будуць выяўляцца пацыенты з каронавіруснай інфекцыяй, для іх на базе шпіталя будзе падрыхтаванае аддзяленне, яны не будуць пераводзіцца ў іншую ўстанову», – сказала намеснік міністра.
Для пацыентаў з COVID-19 таксама працуюць Гарадскі клінічны скурна-венералагічны дыспансер, Рэспубліканская клінічная лякарня медыцынскай рэабілітацыі, 3-я, 4-я, 6-я і 10-я лякарні.
У звычайным рэжыме працуюць 1-я, 2-я, 5-я, 11-я лякарні, Лякарня хуткай медыцынскай дапамогі, Навукова-практычны цэнтр хірургіі (былая 9-я лякарня), Гарадская гінекалагічная лякарня, 2-й радзільны дом. У такім жа рэжыме працуюць усе дзіцячыя лякарні, уключаючы інфекцыйную, дзе для дзяцей з каронавірусам і кантактаў першага ўзроўню адведзенае аддзяленне. Богдан паведаміла, што ва ўсіх лякарнях сталіцы зарэзерваваныя ложкі на выпадак магчымага зʼяўлення пацыента з каронавіруснай інфекцыяй.
Яна адзначыла, што COVID-19 пацверджаны ў пяці цяжарных жанчын, чатыры з іх знаходзяцца ў 3-й лякарні Менска.