У Беларусі не адменяць артыкул, які забараняе сваякам хаваць расстраляных



У Адміністрацыі прэзідэнта адмовілі маці пакаранага смерцю гамельчука Аляксандра Грунова ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб змене заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы расстраляных. Аналагічную адмову Вольга Грунова атрымала з апарату Савета Міністраў.

Жанчына звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі, у абедзве палаты Парламенту, Вярхоўны Суд і ўрад Беларусі,  каб ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы расстраляных і паведамляць пра месцы іх пахавання. Маці Аляксандра Грунова разам з праваабаронцамі дамагаецца даведацца месца пахавання сына праз суды, якія таксама адмовілі распачаць справу па яе скарзе.

Пасля вычарпання ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны Вольга Грунова мае намер звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота gp.by