У Беларусі не будуць пераходзіць на абавязковую страхавую медыцыну



У Беларусі не будуць пераходзіць на абавязковую страхавую медыцыну. Пра гэта Васіль Жарко заявіў на з’ездзе Беларускай асацыяцыі ўрачоў, перадае тэлеканал АНТ.

„У нас ідзе рытмічнае фінансаванне медыцыны. Усе аб’ёмы медыцынскай дапамогі пацвярджаюцца і аказваюцца. А што такое страхавая медыцына? Гэта стварэнне дадатковых страхавых арганізацый. Частка сродкаў з-за гэтага будзе сыходзіць. Трэба развіваць добраахвотнае медыцынскае страхаванне. Гэта будзе першым крокам”, — сказаў Васіль Жарко.

Паводле звестак тэлеканала, пералік тых, хто можа заключаць такія дагаворы, будзе пашыраны. Пакуль полісы добраахвотнага медыцынскага страхавання могуць купляць арганізацыі і фірмы, пасля чаго перадаваць сваім супрацоўнікам. У гэтым выпадку медстрахоўка выступае дадатковым спосабам заахвочвання. Яна можа пакрываць самыя розныя віды дапамогі: як неадкладную, так і планавую, напрыклад наведванне стаматолага.

Між тым, як паведамлялася раней, паводле даных даследавання BISS, праведзенага ў 2014 годзе ў рамках праекта „Рэфорум”, асабісты інтарэс беларусаў да рэформ на той час быў сканцэнтраваны найперш на рэфармаванні сістэмы аховы здароўя. Прычым больш за палову (52,7%) з  тых, хто выступаў за рэформу аховы здароўя, лічаць неабходным увядзенне страхавой медыцыны пры захаванні базавага пакета бясплатных медыцынскіх паслуг.

Пра тое, што ў Беларусі неабходна развіваць сістэму добраахвотнага медыцынскага страхавання, гаварыў і Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся ў красавіку 2014 года са штогадовым пасланнем да народа і парламента. „Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць медыцыну, але прыйшоў час ўкараняць новыя формы, у прыватнасці развіваць і папулярызаваць сярод насельніцтва добраахвотнае медыцынскае страхаванне. Базавы ўзровень дзяржава забяспечыць усім і заўсёды, гэта прамое абавязацельства дзяржавы. У нас не павінен валяцца хворы чалавек пад плотам, дзесьці паміраць, калі ў яго няма страхоўкі, як мільёны чалавек у багатай Амерыцы, — адзначаў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by