У Беларусі не будуць забараняць хатнія роды



Аднак і сістэма нараджэння па-за стацыянарнымі ўстановамі таксама не будзе ўведзеная.

Пра гэта заявіла начальніца галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.

Сямейны псіхолаг і шматдзетны бацька Мар’ян Голуб лічыць, што забараніць хатнія роды немагчыма:

– У законе аб ахове здароўя прапісана, што кожны чалавек мае права скарыстацца паслугамі аховы задароўя або ад іх адмовіцца. Каб забараніць дамашнія роды, то давядзецца змяніць гэты пункт. Гэта будзе датычыць усіх паслуг, не толькі паслуг раддома, гэта ўсяго будзе датычыць. Усіх прымсяць лячыцца без усякіх размоваў, то бок не будзе ніякай магчымасці выбару, рабіць табе УЗІ ці не рабіць, не звязанае з родамі, а проста лекар сказаў – зрабіў, не зрабіў – пад суд.

Сярод краін, якія мяжуюць з Беларуссю, толькі ў Эстоніі прыняты закон, які рэгулюе хатнія роды. Паводле дакумента, прымаць роды па-за стацыянарам мае права акушэрка з адпаведнай ліцэнзіяй. Таксама ў Эстоніі вызначаны пералік сітуацыяй, калі хатнія роды небяспечныя для маці і дзіця.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель