У Беларусі непакояцца пра магчымае ўцягванне ў расейска-украінскі канфлікт



Ва ўкраінскай сітуацыі няма пераможцаў – як для Украіны, так і для Расеі ваенныя дзеянні маюць негатыўныя наступствы. У гэтым перакананы рэдактар незалежнага перыядычнага выдання „Брэсцкая газета” Віктар Марчук. На яго думку, галоўнае – спыніць ваенны канфлікт і пачаць мірныя перамовы.

– Перадусім гэта кепска для самой Расеі, таму што, па-першае, яна практычна з усімі перасварылася, а з Украінай справа дайшла ўвогуле да вайны. І тое, што зараз расейскае кіраўніцтва спрабуе неяк адмаўляцца ад таго, што там прысутнічаюць расейскія вайскоўцы, але выглядае гэта несур’ёзна і няўклюдна. Для Украіны гэта таксама кепска, таму што замест таго, каб будаваць новае жыццё, зараз неабходна думаць, як абараніць сваю краіну.

Намеснік рэспубліканскага лідара Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек лічыць, што з дапамогай апошніх перамоваў, якія адбываліся ў Менску, сітуацыю ва Украіне палепшыць не ўдалося.

– Іншая справа: што Беларусь? Бо Беларусь прадставіла пляцоўку для перамоваў паміж Украінай, Расеяй і з прадстаўнікамі кіраўніцтва Еўразвяза. Пры гэтым яна выконвала роль нейкага мадэратара. Але што самае прыкрае, пасля гэтых мірных перамоваў сітуацыя ва Украіне пагоршылася, і можна сказаць зараз яна ў кроке ад афіцыйнай вайны.

На думку палітыка, не выключана, што ў бліжэйшым часе Беларусь таксама можа апынуцца ўцягнутай ва ўкраінскі канфлікт, а гэта значыць, што на беларускай тэрыторыі могуць пачацца ваенныя дзеянні.

Беларускае Радыё Рацыя