У Беларусі новы сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19 — 1.098 хворых



 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 110.455 (+1.098 за апошнія суткі), памерла 1.027 (+5) чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За суткі прырост новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі павялічыўся: 11 лістапада было зафіксавана 1.057 заражаных і шэсць смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 92.943 пацыенты (577 за апошнія суткі).

Праведзена 2.780.552 тэсты на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 30.531.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

У Мінску рашэннем гарвыканкама 12 лістапада ўведзены абавязковы масачны рэжым. Маскі зараз павінны насіць не толькі работнікі, але і наведвальнікі ўсіх без выключэння аб`ектаў сталіцы. Нашэнне маскі таксама абавязковае ў грамадскім транспарце, уключаючы метро і таксі, у тым ліку маршрутныя. Кантроль за выкананнем патрабаванняў распаўсюджвання вірусных інфекцый і COVID-19 у горадзе ўзмоцняць з сённяшняга дня.

12 лістапада абавязковы масачны рэжым таксама ўведзены ў Наваполацку, Мёрскім і Шумілінскім раёнах Віцебскай вобласці, Дрыбінскім, Клімавіцкім і Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласці.

Раней у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі масачны рэжым быў уведзены ў Магілёве, Бабруйску, Клічаўскім, Крычаўскім і Чавускім раёнах (Магілёўская вобласць), Полацкім, Пастаўскім і Аршанскім раёнах (Віцебская вобласць), Лідскім і Астравецкім раёнах (Гарадзенская вобласць), а таксама на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.

У Брэсце па 10 снежня ўключна ўведзеная забарона на працу пасля 23.00 аб`ектаў грамадскага харчавання, дыскатэк, начных клубаў і іншых забаўляльных і ігральных устаноў, адмененае правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях.

belapan.by