У Беларусі пачалася адпраўка прызыўнікоў у войскі
У Беларусі пачалася адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу Узброеных Сіл. Паведамляе афіцыйны Telegram-канал Міністэрства абароны.

«У першы дзень адпраўкі ў войскі накіраваныя каля 1 тыс. прызыўнікоў, якія папоўняць шэрагі сіл спецыяльных аперацый, 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра і Менскай ваеннай камендатуры. Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі ў кастрычніку-лістападзе плануецца накіраваць каля 10 тыс. чалавек. Для праходжання службы ў рэзерве ў гэты ж перыяд плануецца накіраваць каля 200 чалавек», — гаворыцца ў паведамленні.
У Мінабароны нагадалі, што прызыў грамадзян на тэрміновую вайсковую службу ў жніўні-лістападзе 2021 года ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указам ад 20 ліпеня 2021 года № 277. У адпаведнасці з заканадаўствам выкліку на прызыўныя камісіі восенню бягучага года падлягае каля 60 тыс. маладых людзей.
Як адзначылі ў ведамстве, распачатая 25 кастрычніка адпраўка новага папаўнення ў войскі з абласных зборных пунктаў краіны ва Узброеныя Сілы будзе доўжыцца па 5 лістапада, у іншыя войскі і воінскія фарміраванні — па 30 лістапада.
