У Беларусі пачалася масавая вакцынацыя ад COVID-19
У Беларусі пачалася масавая вакцынацыя насельніцтва ад COVID-19 расейскай вакцынай „Спадарожнік V” супраць каронавіруса — 29 снежня першая партыя вакцыны прыбыла ў краіну, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што „імунізацыя застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідпрацэсам”. „Сёння ў нас пачнецца новы этап — масавая вакцынацыя супраць COVID-19. Першымі будуць вакцынаваныя медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім у сілу асаблівасцяў прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку”, — распавёў ён.
Чыноўнік дадаў, што ў краіне створаная сістэма захоўвання вакцыны, закупленае спецыяльнае медыцынскае маразільнае абсталяванне, якое дазваляе транспартаваць вакцыну. Піневіч таксама падзякаваў расійскаму боку „за актыўнае ўзаемадзеянне і стратэгічнае супрацоўніцтва ў вырашэнні гэтага пытання”.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка адзначыў, што хуткі доступ Беларусі да расейскай вакцыны стаў магчымым дзякуючы эфектыўнай працы беларускай рэгулятарнай сістэмы. „Важна падкрэсліць рацыянальны падыход краіны-суседкі да лакальных клінічных даследаванняў вакцын. Пратакол праведзенага ў краіне кліндаследавання дазволіў у кароткія тэрміны пацвердзіць валіднасць шырокіх расійскіх дадзеных клінічнага вывучэння „Спадарожніка V” для жыхароў Беларусі”, — сказаў ён.
Дапамогу ў пастаўцы вакцыны аказаў Расейскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ). Паводле слоў гендырэктара РФПІ Кірыла Дзмітрыева, Беларусь стала першай замежнай дзяржавай, якая афіцыйна зарэгістравала вакцыну. Сёння Беларусь таксама стала першай краінай, дзе пачынаецца шырокая вакцынацыя насельніцтва прэпаратам „Спадарожнік V”.
Наступным этапам супрацоўніцтва РФПІ і партнёраў стане арганізацыя выпуску гатовай формы вакцыны ў Беларусі, што істотна спросціць лагістыку, дазволіць паскорыць тэмпы вакцынацыі і пашырыць прафілактыку захворвання, дадаў Дзмітрыеў.
Фота: t.me/minzdravbelarus