У Беларусі пачалі ствараць камісіі па „дармаедах”
У Беларусі пачалі ствараць пастаянна дзеючыя камісіі па так званых „дармаедах”. Стварэнне такіх органаў прадугледжанае абноўленым дэкрэтам кіраўніка краіны.
Як піша tut.by, у ліку першых раёнаў, дзе такія камісіі з’явіліся, сталі Пружанскі і Камянецкі. Дарэчы, камісія зможа запытваць у арганiзацыях любой формы ўласнасці інфармацыю, якая адносіцца да яе дзейнасці. Камісіі мусяць складаць спісы „дармаедаў”, паведамляць людзям, што яны трапілі ў такі спіс, а таксама дапамагаць у пошуку працы.
Забяспечваць працу камісій будуць райвыканкамы. Паведамляць пра ўключэнне чалавека, не занятага ў эканоміцы, у спіс „дармаедаў” будуць не пазней за 10-е чысло другога месяца кожнага квартала. Гэтыя ж камісіі будуць разглядаць заявы ад „дармаедаў” і іх сваякоў пра поўнае ці частковае вызваленне ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг па поўных тарыфах з прычыны цяжкіх жыццёвых сітуацый.
Сярод іншых абавязкаў камісій – «арыентаваць» грамадзян на легальную дзейнасць і прымаць рашэнні аб накіраванні тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, у ЛПП.
Пасяджэнні камісіі будуць адбывацца па меры неабходнасці, але не радзей як два разы на месяц. У склад такіх камісій уключаюць дэпутатаў, медыкаў, прадстаўнікоў ЖКГ, прафсаюзаў, „Белай Русі” ды інш.
Фармаваць базу „дармаедаў” будзе Мінпрацы. Гэтую базу плануюць стварыць да 1 снежня гэтага года, яна будзе абнаўляцца раз у квартал.