У Беларусі пачаліся клінічныя выпрабаванні расейскай вакцыны ад каронавірусу
У Беларусі пачаліся клінічныя выпрабаванні расейскай вакцыны ад каронавірусу. Пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
«Працэдура выпрабаванняў пачынаецца з моманту знаёмства з дасье, з моманту выбару цэнтраў, дзе яны будуць праходзіць. Лічыце, што клінічныя выпрабаванні пайшлі», – цытуе БЕЛТА словы чыноўніка.
Піневіч удакладніў, што на добраахвотніках вакцыну пакуль не выкарыстоўваюць. Кіраўнік медыцынскага ведамства падкрэсліў, што эфект вакцыны даказаны клінічна.
У Беларусі, як і ў Расеі, будуць вывучаць магчымыя пабочныя дзеянні вакцыны. Па звестках літаратуры, яны не зафіксаваныя.
Клінічнае выкарыстанне вакцыны пачнецца пасля праходжання ўсіх працэдураў. Па словах Піневіча, на гэта можа спатрэбіцца каля месяца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by