У Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым



З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну цераз нацыянальны аэрапорт Менск.

Бязвізавая турыстка з Кітая прыляцела адной з першых.

Адпаведны ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня. Яго дзеянне распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і шэраг іншых. „Гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян”, — адзначалася ў афіцыйным каментары да ўказа. Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзян Латвіі і асоб без грамадзянства Эстоніі.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець дзейны пашпарт ці іншы дакумент, якi яго замяняе, для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як двум базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не меншую за 10 тыс. еўра, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб ўездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем ў іх вылету з нацыянальнага аэрапорта Менск на працягу пяці дзён з даты ўезду.

Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама якія плануюць ажыццявіць вылет у аэрапорты Расеі (гэтыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).

Адзначалася, што ўказ № 8 „Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян” скіраваны „на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу брацца не будуць”.

Прыняцце ўказа выклікала неадназначную рэакцыю ў Расеі. У Крамлі гэтае новаўвядзенне назвалі ўнутранай справай Беларусі, але ў расейскіх масмедыя яно выклікала шырокі рэзананс. На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гэтую „інфармацыйную кампанію”. „Вой і крыкі з боку некаторых сумежных дзяржаў — гэта проста спроба выказаць незадавальненне з боку пэўных сіл, — сказаў ён. — Мы тут нічога не парушылі з пункта гледжання нашага ўнутранага заканадаўства. Гэта наша суверэннае права. Усё, пра што мы дамаўляліся, мы свята выконваем”.

Лукашэнка адзначыў, што ўказ распрацоўваўся паўтара года і ўзгадняўся з усімі суседнімі краінамі, у тым ліку з Расеяй. „Калі Расея занепакоілася, то я заўсёды кажу: дай бог вам несці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх пагранічных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

1 лютага стала вядома, што Расея ўсталёўвае пагранзоны на мяжы з Беларуссю. Пагранупраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях РФ загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону, а таксама ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі. Пры гэтым у пагранслужбе ФСБ падкрэслілі, што новаўвядзенне тычыцца толькі грамадзян трэціх краін, якія едуць у Расею цераз Беларусь, беларускіх грамадзян яно не закране.

Многія аналітыкі расцанілі ўсталяванне погразон на мяжы з Беларуссю як адказ Расеі на ўвядзенне Менскам пяцідзённага бязвізавага рэжыму для іншаземцаў.

belapan.by