У Беларусі пачаўся чарговы прызыў



Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня падпісаў указ № 274 „Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакументам, у жніўні—лістападзе гэтага года плануецца прызваць на тэрміновую службу і службу ў рэзерве мужчын 18 гадоў і старэйшых, якія не маюць адтэрміноўкі ад прызыву, а таксама якія страцілі права на адтэрміноўку.

„Выкананне ўказа дасць магчымасць забяспечыць патрэбы Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у ваеннаслужачых тэрміновай службы і службы ў рэзерве”, — абвяшчае ўказ.

У дакуменце таксама гаворыцца аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.

Як паведамлялася, 28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект „Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Раніцай таго ж дня Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў другім чытанні. За прыняцце дакумента прагаласавала 85 дэпутатаў, супраць — 9. Перад галасаваннем дэпутат Ганна Канапацкая звярнула ўвагу калег на тое, што законапраект, нават будучы прынятым у першым чытанні, выклікаў „розныя інтэрпрэтацыі норм і досыць негатыўную рэакцыю ў грамадстве”. „Літаральна за суткі ў інтэрнэце супраць яго было сабрана 10 тысяч подпісаў. Я заклікаю вас прыняць узважанае рашэнне па гэтым законапраекце”, — сказала яна.

Дакумент прадугледжвае адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовую адтэрміноўку для атрымання першай адукацыі, якая дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, згодна з законапраектам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага характару да навучання ў ВНУ і выпускнікі ВНУ — бакалаўры да навучання ў магістратуры або аспірантуры павінны будуць адслужыць у войску.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, заявіў, што ў інтэрнэце бурна абмяркоўваюцца папраўкі ў законы, якія тычацца службы ў арміі. „Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у войску? Чытай — а як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Бацькаўшчыну, як? Бедны міністр абароны [Андрэй] Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і ўпоперак — не тое прапанаваў, не тое ваенныя ўнеслі на разгляд парламента, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Так супакойцеся. Прэзідэнт не паставіў подпіс ні на адным дакуменце, дзе вы думаеце пра катастрофу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by