У Беларусі пачынаецца навучальны год
Згодна са звесткамі Міністэрства адукацыі, у краіне будуць працаваць 3.038 школ, у якіх навучаюцца 1 млн 100 тыс. вучняў. У параўнанні з папярэднім навучальным годам колькасць навучэнцаў павысілася на 105,5 тысячы, у тым ліку першакласнікаў — на 4,8 тысячы. Сёлета за парты ўпершыню сядуць 110 тыс. вучняў.
1 верасня ў Берасці, фота з архіву
На аднаго настаўніка прыпадае ў сярэднім дзевяць вучняў, у гарадскіх школах — дзесяць, у сельскіх — пяць.
1 верасня ў Берасці, фота з архіву
З гэтага навучальнага года ў сістэме школьнай адукацыі адбыліся значныя змены — адмененыя экзамены ў пятыя класы гімназій, усе дзеці будуць вучыцца па агульным навучальным плане звычайных школ. Прыём у першы і пяты класы праводзіўся па месцы рэгістрацыі вучняў.
Новаўвядзенне выклікала неадназначную рэакцыю. Многія бацькі і педагогі выказвалі асцярогі ў сувязі з тым, што гэта знізіць узровень агульнай адукацыі, пазбавіць дзяцей выбару і магчымасці рэалізаваць свае здольнасці ў поўным аб’ёме. Аднак, як сцвярджаюць у камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, пры паступленні ў сталічныя гімназіі канфліктныя сітуацыі ўдалося прадухіліць. Па стане на 24 жніўня ў гімназіі Мінска было пададзена 14.463 заявы ад бацькоў дзяцей па прапісцы і 9.718 — на вольныя месцы.
У 10-х класах уводзіцца працоўнае навучанне — дапрафесійная падрыхтоўка, шэсць гадзін на тыдзень. У сувязі з гэтым шосты школьны дзень у новым навучальным годзе стане больш практыка-арыентаваным, адзначаюць у Мінадукацыі.
У новым навучальным годзе таксама ўводзіцца адзіная плата за карыстанне падручнікамі для вучняў усіх класаў — 0,5 базавай велічыні (12,25 рубля), а за дапаможнікі для дашкольнікаў — 0,2 (4,9 рубля).
Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўстаноўленыя адзіныя гандлёвыя надбаўкі на прадукцыю школьнага харчавання. Гэта дазволіць забяспечыць адзіны кошт харчавання навучэнцаў як за бюджэтныя сродкі, так і за сродкі бацькоў, адзначаюць у МАРГ.
Студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі сёлета сталі 50 тыс. 400 чалавек. На бюджэтную форму прынята 26 тыс. 400, з іх на дзённае аддзяленне залічана 21 тыс. 700. На платнай аснове будуць вучыцца 24 тыс. студэнтаў.
Ва ўстановах прафтэхадукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе пачнецца падрыхтоўка па двух новых для краіны прафесіях — аператар працэсу перапрацоўкі збожжа і мантажнік каркасна-абшываных канструкцый сухога будаўніцтва.
Колькасць дзяцей у дзіцячых садах таксама вырасла — на 5,7 тысячы. Наведваць установы дашкольнай адукацыі будуць 432 тыс. дзяцей. У краіне будуць працаваць 2.945 дзіцячых садоў. Акрамя таго, у 857 навучальна-педагагічных комплексах створаныя структурныя падраздзяленні, якія наведваюць дашкольнікі.
У дашкольных установах адукацыі краіны зараз працуе 56,5 тыс. педагогаў. З 1 верасня педагогам, уключаючы прафесарска-выкладчыцкі склад, і памочнікам выхавальнікаў на 20% будуць павышаныя тарыфныя стаўкі і аклады. БелаПАН