У Беларусі пачынаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання



5-га кастрычніка ў Беларусі пачынаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання. У яго межах планцуецца правесці шэраг тэматычных мерапрыемстваў, як у Беларусі, так і за яе межамі. Арганізатарам тыдня супраць смяротнага пакарання традыцыйна выступае кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Каарданатар кампаніі Андрэй Палуда абяцае вельмі насычаную праграму:

– 5-ага кастрычніка будзе прэзентаваны сумесны даклад Праваабарончага цэнтру “Вясна” і FIDH. Гэты даклад будзе распавядаць пра сітуацыю са смяротным пакараннем у нашай краіне. Плануецца ўдзел у кангрэсе даследчыкаў у Коўне, дзе нам выдзелена цэлая панэль. Таксама плануецца 8-га кастрычніка канцэрт “Рок за жыццё”. ПЦ “Вясна” і ягоныя чальцы будуць праводзіць распаўсюд матэрыялаў пра смяротнае пакаранне, дыскусіі, прагляд фільмаў. У нас будуць працаваць дзве выставы.  

Ужо 14 год запар 10 кастрычніка праводзіцца Міжнародны дзень барацьбы за адмену смяротнага пакарання. У гэтым годзе ён прысвечаны падвышэнню інфармаванасці грамадзян аб прымяненні смяротнага пакарання за злачынствы, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасцю.

Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя