У Беларусі памёр міністр транспарту і камунікацый
На 47-м годзе жыцця раптоўна памёр міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, паведамляе БелТА.

Аляксей Аўраменка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Менску.
У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, у 2010 годзе – Акадэмію кіравання пры Лукашэнку. Пасля заканчэння ВНУ працаваў майстрам дарожна-будаўнічага ўпраўлення. З 2000 па 2001 год працаваў галоўным спецыялістам аддзела зместу дарожнай сеткі Камітэта па аўтамабільных дарогах пры Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі, з 2001 па 2006 год – галоўным спецыялістам упраўлення. З 2006 года працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні транспарту і сувязі апарата Савета Міністраў Беларусі. У 2012 годзе ўзначаліў упраўленне транспарту і сувязі апарата Савета Міністраў.
Указам Лукашэнкі ад 15 студзеня 2019 года Аляксей Аўраменка быў прызначаны міністрам транспарту і камунікацый.
