У Беларусі пацверджана 14.917 выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 14.917 (8% ад агульнай колькасці праведзеных тэстаў), памерла 93 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 890 (+6,3%). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Паправіліся і былі выпісаныя 2.918 пацыентаў (+532 за суткі). Усяго праведзена 186.262 тэсты на каранавірус.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Прэс-мерапрыемстваў на гэтым тыдні міністэрства не праводзіла.

3 красавіка намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла на прэс-канферэнцыі, што прынятыя меры далі магчымасць прадухіліць сотні выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй штодня. „Калі б не меры, якія прынятыя па пошуку пацыентаў з каранавірусам, іх кантактаў, а таксама па іх шпіталізацыі і правядзенні супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны, то сёння мы б мелі 840 выпадкаў у дзень і нічым бы не адрозніваліся ад найбліжэйшых дзяржаў. Ні адна суседняя краіна такія меры не прымала, не шпіталізаваліся ўсе выяўленыя кантакты першага ўзроўню, кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці вострых рэспіраторных захворванняў”, — сказала Богдан.

14 красавіка яна дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на 300—400 за суткі будзе доўжыцца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.

На брыфінгу 24 красавіка Богдан паведаміла, што ў краіне пачалося ўкараненне экспрэс-тэстаў для выяўлення імунаглабулінаў і ацэнкі постінфекцыйнага імунітэту. „Павелічэнне тэставання натуральна пацягне за сабой і павелічэнне колькасці выяўленых выпадкаў. Таксама думаю, мы знойдзем і тых, хто ўжо перанёс захворванне, адпаведна яны ўвойдуць у лік выяўленых выпадкаў”, — папярэдзіла яна.

belapan.by