У Беларусі пацверджана 66.213 выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 66.213 (+118 за апошнія суткі), памерла 503 чалавекі (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі прырост інфікаваных знізіўся. Ніжэй за 200 выпадкаў ён трымаецца 12-ты дзень запар. У папярэднія суткі было 142 новыя выпадкі і чатыры смерці.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 58.290 пацыентаў (за апошнія суткі 86). Такім чынам, вылечылася 88% захварэлых.

Праведзена 1.199.317 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 6.155.

Міністэрства даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу ў асаблівай увазе ў сувязі з цяжарам захворвання. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 і колькасць пнеўманій знізіліся ў некалькі разоў. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каранавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Зніжэнне захворвання, паводле слоў чыноўніка, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дапоўніў ён.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, цяпер няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.

belapan.by

Фота: МН