У Беларусі пацверджана 66.348 выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 66.348 (+135 за апошнія суткі), памерла 507 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
За мінулыя суткі адбыўся прырост інфікаваных, аднак ніжэй за 200 выпадкаў ён трымаецца 13-ты дзень запар. У папярэднія суткі было 118 новых выпадкаў і чатыры смерці.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 58.592 пацыенты (за апошнія суткі 302). Такім чынам, вылечылася больш як 88% хворых.
Праведзена 1.202.214 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 2.897.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш за два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня на ўрачыстым адкрыцці Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі адзначыў „выдатную працу ўрачоў і медперсаналу ў складаны эпідэміялагічны перыяд”. „Ім трэба дзякаваць за тое, што ў найцяжэйшых умовах — без вакцын, без лекаў, невядомая хвароба — яны навучыліся лячыць людзей. Гэта подзвіг”, — сказаў ён.
Лукашэнка зноў заявіў, што Беларусь абрала свой шлях у барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі, і гэта, паводле яго слоў, „дало станоўчы вынік, захворванне зніжаецца”. Разам з тым у свеце не выключаная другая хваля захворвання, таму „важна берагчы здароўе і аддаць перавагу знаходжанню ў Беларусі перад замежнымі паездкамі”.
Фота: МН