У Беларусі пацверджаныя ўжо 27 выпадкаў COVID-19
Колькасць інфікаваных каранавірусам COVID-19 у Беларусі ўзрасла да 27, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан 13 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Трое вылечаных выпісаныя дадому. У бальніцах зараз знаходзяцца 24 пацыенты з COVID-19. Адзін з іх — у стане сярэдняй ступені цяжару.
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан дадала, што сем завезеных у краіну выпадкаў далі па два-тры кантакты, якія заразіліся. „Адзін з тых, хто захварэў, на жаль, утаіў інфармацыю пра наведванне Паўночнай Італіі, своечасова не выклікаў хуткую дапамогу. У выніку ён даў больш за 90 чалавек „першага кантакту”, — паведаміла яна.
Карабан таксама адзначыла, што дзеці і падлеткі пераносяць вірус лёгка.
„Мы чакаем росту новых выпадкаў, гэта непазбежнасць працэсу”, — заявіў на прэс-канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў. Паводле яго слоў, не ва ўсіх краінах ёсць служба санэпідкантролю, як гэта захавалася ў Беларусі. „Гэтая служба спраўляецца з сітуацыяй. Сем асяродкаў, 27 пацыентаў — гэта значыць, што няма бескантрольнай сітуацыі”, — сказаў Бердыклычаў.
„Магчыма, у будучыні давядзецца прымаць іншыя меры. Але зараз ўязнога кантролю і выяўлення кантактаў першага і другога ўзроўню цалкам дастаткова”, — сказаў афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі.