У Беларусі пацыенты з дыябетам будуць атрымліваць інсулін у форме картрыджаў



Да 2025 года ў Беларусі ўсе пацыенты з цукровым дыябетам будуць атрымліваць інсулін у форме картрыджаў, паведаміла намеснік галоўнага лекара па арганізацыйна-метадычнай рабоце рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны спецыяліст па эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя Вольга Салко на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 лістапада.

„Гэта больш зручная форма ўвядзення інсуліну, чым флаконная. І за кошт гэтай зручнасці павышаецца прыхільнасць пацыентаў да лячэння і адпаведна паляпшаюцца яго вынікі”, — адзначыла яна.

Паводле слоў Салко, сёлета інсулінам у картрыджах дадаткова забяспечаныя больш за 4 тысячы пацыентаў з цукровым дыябетам I тыпу. У наступным годзе прэпарат у новай форме атрымаюць усе такія пацыенты.

У Беларусі арганізацыя аказання меддапамогі пацыентам з дыябетам з’яўляецца прыярытэтам дэмаграфічнай палітыкі, працягнула Салко. Таму ў 2020 годзе ў краіне была зацверджаная канцэпцыя забеспячэння інсулінам пацыентаў з цукровым дыябетам. „Дзякуючы ёй на сёння ўжо 50% інсуліназалежных пацыентаў з цукровым дыябетам першага тыпу забяспечаныя аналагамі інсуліну”, — падкрэсліла спецыяліст.

Яна звярнула ўвагу на тое, што інсулінатэрапія і цукразніжальныя прэпараты не адзіны кампанент лячэння. Тут важна і тэрапеўтычнае навучанне пацыентаў. Таму ў краіне працягваюць развівацца школы цукровага дыябету, на сёння іх 225. „Лекар і медсястра не могуць пастаянна знаходзіцца побач, таму пацыент павінен сам умець кіраваць сваім захворваннем. Павінен ведаць, як правільна падлічыць інсулін, як разлічыць ежу, якая павінна быць фізічная нагрузка. У школах дыябету пацыентаў гэтаму і вучаць. Летась аптымізаваная праца такіх школ — укаранёная і ўжо актыўна выкарыстоўваецца дыстанцыйная форма навучання пацыентаў з дыябетам. Яна запатрабаваная, і многія пацыенты ёю карыстаюцца”, — сказала Салко.

Яна дадала, што ў 2022 годзе ў краіне плануецца арганізаваць міжраённыя цэнтры па раннім выяўленні дыябетычных ускладненняў. „Пачнецца гэта з адкрыцця кабінетаў дыябетычнай ступні, затым там жа будуць адкрытыя кабінеты прафілактыкі ўскладненняў з боку органаў зроку. А ў будучыні яны могуць рэарганізавацца ў міжраённыя дыябетычныя цэнтры”, — сказала спецыяліст.

Паводле дадзеных Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі, у 2020 годзе ў свеце было больш за 463 мільёнаў пацыентаў з дыябетам. У арганізацыі сцвярджаюць, што кожны другі чалавек з дыябетам II тыпу застаецца нявыяўленым.

У Беларусі на пачатак бягучага года пад наглядам знаходзілася каля 357 тысяч пацыентаў, з якіх каля 19 тысяч мелі дыябет I тыпу. Распаўсюджанасць дыябету II тыпу сярод дарослага насельніцтва ў краіне складае каля 4,5%, і гэты паказчык даволі блізкі да паказчыкаў еўрапейскіх краін, сказала спецыяліст.

Салко таксама паведаміла, што пандэмія COVID-19 унесла карэктывы ў выяўленне дыябету II тыпу. „Да яе штогод мы выяўлялі каля 20 тысяч пацыентаў. У 2020 годзе было выяўлена менш з улікам таго, што выяўленне гэтага захворвання ў асноўным ідзе пры звароце і ўлічваючы абмежаванні па аказанні ў мінулым годзе планавай меддапамогі. Таму перад намі стаіць задача аднавіць працэс актыўнага выяўлення пацыентаў з дыябетам II тыпу”, — сказала яна.

Дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава распавяла, што кожны год у Беларусі фіксуецца павелічэнне колькасці дзяцей з дыябетам I тыпу. „Калі ў 2015 годзе ў рэспубліцы было 1.860 дзяцей з дыябетам I тыпу, то на пачатак гэтага года — 2.606, — канстатавала яна. — За апошнія пяць гадоў захоўваюцца высокія паказчыкі першаснага захворвання на дыябет I тыпу ў дзяцей, і на пачатак 2021 года гэты паказчык склаў 21,5 на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва”, — зазначыла яна.

Эндакрынолаг дадала, што гэтая тэндэнцыя характэрная для большасці развітых краін Еўропы, дзе штогод захворванне павялічваецца на 3-4%.

Таксама Сонцава звярнула ўвагу на амаладжэнне дыябету I тыпу і зрушэнне захворвання ў дзяцей на меншы ўзрост. „Паводле звестак Рэспубліканскага рэгістра, на пачатак 2021 года захворванне было ўпершыню выяўленае ў дзяцей ад нуля да дзевяці гадоў. З іх кожнае пятае дзіця — ва ўзросце першых чатырох гадоў”, — сказала яна.

На думку спецыяліста, адназначна назваць прычыну такога амаладжэння захворвання нельга. „Дыябет можа быць выкліканы спалучэннем вельмі моцнага генетычнага кампанента і ўплывам навакольнага асяроддзя. Фактараў асяроддзя вельмі шмат: гэта і харчаванне немаўляці, і тэрміны ўвядзення прыкорму, прадуктаў, якія змяшчаюць глютэн, і прадуктаў, вырабленых на аснове каровінага малака. Гэта і энтэравірусныя інфекцыі, дысбаланс вітамінаў, у тым ліку дэфіцыт вітаміна D, змена мікрафлоры кішачніка, дзеянне эндакрынных дызраптараў, атлусценне і г.д.”, — сказала яна.

Акрамя таго, падкрэсліла Сонцава, у больш як 90% выпадкаў дыябет з’яўляецца аўтаімунным захворваннем, і вельмі часта ў такіх дзяцей ёсць і іншыя аўтаімунныя захворванні — шчытападобнай залозы, кішачніка, скуры і слізістай.

Фота: sb.by