У Беларусі павялічаць тэрмін знаходжання замежнікаў без рэгістрацыі
У Беларусі плануецца ў два разы павялічыць тэрмін знаходжання замежных грамадзян без рэгістрацыі ў органах унутраных спраў – да 10 дзён. Пра гэта заявіў начальнік аддзела дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Вадзім Забаронак.
Павелічэнне тэрміну знаходжання замежных грамадзян у Беларусі без рэгістрацыі абумоўлена адпаведным законапраектам, які быў падрыхтаваны МУС.
„Гэты законапраект ніяк не звязаны з бязвізавым рэжымам. Мы даўно да гэтага ішлі. Пытанне было толькі ў колькасці дзён. У выніку на дадзеным этапе сышліся на 10 сутках”, – адзначыў Вадзім Забаронак.
Па яго словах, новая норма павінна запрацаваць у 2018 годзе. Акрамя таго, МУС прапрацоўвае пытанне ўвядзення электроннай рэгістрацыі, каб замежнаму госцю не трэба было прыходзіць у аддзел па грамадзянству і міграцыі.
„І хутчэй за ўсё мы прыйдзем да таго, што рэгістрацыя будзе бясплатнай”, – дадаў Забаронак.