У Беларусі павялічылася колькасць пажараў
У Беларусі ад пачатку вясны ўдвая павялічылася колькасць пажараў.
Калі напачатаку сакавіка было зарэгістравана амаль 900 выпадкаў, то цяпер ужо звыш 1600 узгаранняў. Найчасцей паведамленні паступаюць з вясковай мясцовасці. Гарыць сухая расліннасць і смецце.
Па словах супрацоўніцы прыродаахоўнай інспекцыі Валерыі Чыж, кожны ўладальнік зямельнага ўчастка павінен даглядаць за ім, каб не ствараць небяспеку:
– Паводле Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, у выпадку калі грамадзяне дапускаюць парушэнне, то бок не сочаць за сваімі тэрыторыямі, за сваімі ўчасткамі землекарыстання, мы маем права прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці. Як заўсёды са знікненнем снегу мы пачынаем часта выязджаць на гарэнне сухой травы.
На жаль ад выпальвання сухой расліннасці пакутуе не толькі прырода і маёмасць, але і гінуць людзі. Так сёлета ўжо загінула 2 чалавекі ў Гарадзенскім і Гарэцкім раёнах.
Беларускае Радыё Рацыя