У Беларусі павялічылася колькасць злачынстваў



Агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў у Беларусі павялічылася на 5,4%, паведаміў міністр унутраных спраў Юрый Караеў 31 студзеня на калегіі МУС, на якой падводзяцца вынікі працы ведамства за 2019 год. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай.

Рост колькасці зарэгістраваных злачынстваў абумоўлены „істотна ўзрослым лікам крымінальна каральных дзеянняў у сферы высокіх тэхналогій, а таксама ўчыненых у грамадскіх месцах і ў стане алкагольнага ап’янення”. Працягвае заставацца сур’ёзнай пагрозай сексуальны гвалт над дзецьмі, у тым ліку ў інтэрнэце.

Пры гэтым Караеў адзначыў, што колькасць заяў і паведамленняў аб злачынствах, якія паступаюць у органы ўнутраных спраў, скарацілася (-7,9%), менш зарэгістравана асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынных дзеянняў (-9,5%), знізіўся ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці (-5, 2%), стала менш пацярпелых у выніку крымінальных дзеянняў.

Паводле слоў міністра, дзякуючы прынятым мерам працягнулася зніжэнне ўзроўню нарказлачыннасці. Аднак па-ранейшаму высокая ступень латэнтнасці наркаманіі, пра што сведчыць рост колькасці канфіскаваных наркотыкаў і павелічэнне колькасці перадазовак, у тым ліку са смяротным зыходам.

Караеў адзначыў, што не губляюць актуальнасці пытанні ўмацавання дысцыпліны і законнасці сярод асабовага складу. Ён падкрэсліў, што неабходная рэалізацыя новых падыходаў да арганізацыі аператыўна-службовай дзейнасці з улікам недапушчальнасці арыентацыі на фармальныя статыстычныя паказчыкі ў працы. Нядаўна быў падпісаны дакумент аб укараненні бальнай сістэмы ацэнкі вынікаў працы супрацоўнікаў, паведаміў міністр.

„Сёння для стварэння партнёрскіх узаемаадносін з грамадствам зрушваюцца прыярытэты ў працы, крытэрах ацэнкі кожнай службы і супрацоўніка, — сказаў Караеў. — Укаранёныя ў практыку новыя падыходы да ацэнкі дзейнасці, арыентаваныя на сыходжанне ад „палачнай сістэмы”, вызначэнне эфектыўнасці па канчатковым выніку без давядзення якіх-небудзь планаў або нарматываў”.

Часовы выканаўца абавязкаў начальніка крымінальнай міліцыі МУС Анатоль Саковіч у сваім выступленні адзначыў, што ў 2019 годзе па лініі крымінальнага вышуку ўстаноўленыя падазроныя амаль па 60% зарэгістраваных злачынстваў. Выяўлена 18 забойстваў, замаскаваных пад знікненне грамадзян без вестак. Устаноўленае месцазнаходжанне больш як 7 тыс. асоб, зніклых без вестак, знойдзена больш за 5 тыс. злачынцаў.

Падраздзяленнямі па наркакантролі ліквідавана 29 каналаў паставак наркотыкаў у Беларусь з-за мяжы. Канфіскаваная найбуйнейшая партыя — 517 кг гераіну, што дазволіла не дапусціць яго трапляння ў нелегальны абарот. Усяго летась канфіскавана звыш 1.200 кг наркатычных сродкаў і 64 кг псіхатропных рэчываў.

Сфера процідзеяння гандлю людзьмі характарызуецца змяншэннем (-19%) колькасці выяўленых злачынстваў, адзначыў Саковіч.

Паводле яго слоў, абсалютная большасць карупцыйных і эканамічных злачынстваў выяўляецца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Пры гэтым упор робіцца на дзяржаўны сектар эканомікі і кантроль за расходаваннем бюджэтных сродкаў. У гэтай сферы выяўляецца фактычна кожнае другое злачынства, якое дакументуецца.

Саковіч падкрэсліў, што самы значны тэмп росту зарэгістраваных злачынстваў — больш як у два разы — адзначаецца ў сферы высокіх тэхналогій. У першую чаргу — за кошт крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі.

belapan.by