У Беларусі павышаюцца працоўныя пенсіі



У Беларусі 1 траўня павышаюцца працоўныя пенсіі — адпаведны ўказ падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 23 красавіка.

 

Пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены з 1 траўня ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў. „Фактычны заробак пенсіянераў будзе скарэктаваны зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 6,5%”, — паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Фінансаванне расходаў на рэалізацыю ўказа будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Падрыхтаваць рашэнне аб павышэнні пенсій Лукашэнка даручыў ураду падчас штогадовага паслання да народа і парламента 19 красавіка. Ён нагадаў, што ў 2018-м пенсіі павышаліся двойчы (1 жніўня яны былі павышаны на 10%, 1 лістапада — на 5,3%). Рост пенсій „павінен быць і ў гэтым годзе”, распарадзіўся Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што „сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50%, але не ніжэй за 40%, як гэта прынята ва ўсім свеце”.

Паводле звестак Белстата, у сакавіку 2019 года ў параўнанні з лютым рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) знізіўся на 0,4%, а за апошнія 12 месяцаў ён вырас на 14,6%. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў сакавіку ў параўнанні з лютым не змяніўся — 393,5 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў сакавіку 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 557,5 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 381,8 рубля. Гэта ў 2,3 разу вышэй за афіцыйны бюджэт пражытачнага мінімуму, устаноўленага для гэтай катэгорыі насельніцтва, а таксама складае 36,1% сярэдняга заробку.

belapan.by