У Беларусі плануюць адмовіцца ад папяровых жыровак



Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі плануе ў перспектыве адмовіцца ад папяровых рахункаў-паведамленняў аб аплаце камунальных паслуг.

„Мы настойваем, што павінна быць вялікая празрыстасць пры аплаце ЖКП сучаснымі спосабамі (інтэрнэт-банкінг, АРІП і г.д. – ІФ)”, – заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў журналістам у чацвер.

Як растлумачыў міністр, ведамства прапануе цалкам адлюстроўваць структуру плацяжу пры аплаце праз інтэрнэт, чаго на сёння няма.

„Неабходна бачыць усю структуру плацяжу, гэта неабходна зрабіць, у тым ліку каб адмовіцца ад папяровага рахунку-паведамлення”, – працягнуў Церахаў.

Ён заўважыў, што друк папяровых „жыровак” – гэта ў тым ліку і пэўныя выдаткі.

Па словах міністра, Мінжылкамгас настойвае, каб АРІП і Нацбанк „у гэтым плане папрацавалі”. „Мы прадставілі свае прапановы, я думаю, што ў гэтым годзе мы можам выйсці на гэта (адмова ад папяровых жыровак – ІФ)”, – падсумаваў кіраўнік ведамства.

interfax.by

Фота БелТА