У Беларусі плануюць зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да дзяржслужачых
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект „Аб дзяржаўнай службе”, дакумент прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, паведамляе interfax.by.
Міністр паведаміла, што законапраектам прадугледжваецца ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці грамадзянскіх служачых у мэтах збліжэння іх прававога статусу з вайскоўцамі.
„У прыватнасці, вызначаецца паняцце службовай дысцыпліны грамадзянскіх служачых і спосабы яе забеспячэння па аналогіі з патрабаваннем вайсковых статутаў і пастановаў ваенізаваных арганізацый, замацоўваюцца агульныя патрабаванні да этычных паводзінаў грамадзянскіх служачых па аналогіі з палажэннямі дзеючых дысцыплінарных статутаў, якія распаўсюджваюць сваё дзеянне як на службовыя паводзіны, так і на паводзіны ў побыце „, – заявіла Касцевіч. Яе цытуе дзяржагенства БелТА ў сераду.
Для гэтых мэтаў, патлумачыла міністр, у якасці дадатку да закона распрацаваны агульныя патрабаванні службовай этыкі дзяржаўных грамадзянскіх служачых.
„Невыкананне патрабаванняў службовай этыкі пацягне прымяненне да грамадзянскага служачага мер дысцыплінарнага ўздзеяння”, – адзначыла Касцевіч.
Фота: скрыншот відэа СТБ