У Беларусі прагучалі апошнія званкі
Адбылася ўрачыстасць і ў Глыбоцкай сярэдняй школе №3, якая была калісьці цалкам беларускамоўная. Зараз пра гэта нагадваюць толькі беларускамоўныя шыльды ды некаторыя школьныя імпрэзы, накшталт першых і апошніх званкоў.
Сёлета ў школе навучалася каля 800 вучняў, з іх крыху больш за 60 – адзінаццацікласнікаў. 30 траўня для іх прагучаў апошні званок, а наперадзе выпускнікоў чакаюць экзамены, выпускны баль і паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Усегарадскі выпускны ў Глыбокім для выпускнікоў 17-ці школ раёна пройдзе 9 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы горада. У гэты дзень, як і 30 траўня, у Глыбокім не будуць прадаваць спіртных напояў.
Нагадаем, сёлета ў Беларусі 141 тысяча выпускнікоў дзявятых і адзінаццатых класаў, з іх – 55,4 тысячы адзінаццацікласнікаў. Цэнтралізаванае тэставанне для іх пачнецца 11 чэрвеня здачай беларускай мовы і скончыцца 1 ліпеня сусветнай гісторыяй.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя