У Беларусі праходзяць вучэнні разведчыкаў краін АДКБ



Спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі дзяржаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Пошук-2019» пачаліся 14 кастрычніка на Абуз-Лясноўскім палігоне Узброеных сіл Беларусі ў Берасцейскай вобласці, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

У манеўрах бяруць удзел вайскоўцы Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расеі, Кыргызстана, Таджыкістана, а таксама аператыўная група аб’яднанага штаба АДКБ. Усяго да вучэнняў прыцягнута каля 2 тыс. чалавек і больш за 250 адзінак тэхнікі, у тым ліку авіяцыйнай.

«Вучэнне праводзіцца ў два этапы з 14 па 18 кастрычніка на тэрыторыі чатырох палігонаў, а таксама на ўчастках мясцовасці паблізу іх, – гаворыцца ў паведамленні ваеннага ведамства. – Плануецца адпрацаваць пытанні падрыхтоўкі і прымянення сіл і сродкаў разведкі ў сумеснай аперацыі Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, практычных дзеянняў сіл і сродкаў разведкі ў інтарэсах лакалізацыі прыгранічнага ўзброенага канфлікту ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі АДКБ».

На чатырох палігонах будзе адпрацаваны выхад разведвальных падраздзяленняў у пэўныя раёны «наземным, паветраным, пасадачным і іншымі спосабамі, у тым ліку ўначы». «У інтарэсах выкрыцця дзеянняў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка і іх агнявога паражэння будзе праводзіцца вайсковая, спецыяльная, радыёэлектронная, інжынерная і артылерыйская разведка», – падкрэслілі ў Мінабароны.

Акрамя таго, разведчыкі шасці дзяржаў будуць трэніравацца арганізоўваць засады, блакаваць незаконныя ўзброеныя фармаванні і вызваленне населеных пунктаў.

Раней прэс-служба АДКБ паведаміла, што 16–18 кастрычніка на палігоне паблізу пасёлка Муліна ў Ніжагародскай вобласці РФ пройдуць вучэнні з КСАР АДКБ «Узаемадзеянне-2019», якія таксама прысвечаныя «падрыхтоўцы і правядзенню сумеснай аперацыі па лакалізацыі прыгранічнага ўзброенага канфлікту ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі».

БелаПАН