У Беларусі працяг пераследу грамадскіх актывістаў і журналістаў



12 ліпеня працягваўся пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. У Мазыры найменш у шасці чалавек адбыліся ператрусы ў межах крымінальнай справы “Акт тэрарызму”. Людзей пасля ператрусаў забіралі ў РАУС для апытання, падчас якога пыталіся пра суполку “ОГСБ”. Да Маргарыты Вялічкінай — жонкі праваабаронцы і кіраўніка берасцейскай філіі “Вясны” Уладзіміра Вялічкіна — супрацоўнікі КДБ прыйшлі з чарговым ператрусам па двух адрасах. Сам Уладзімір з’ехаў ад пераследу з Беларусі яшчэ ўзімку. Таксама 12 ліпеня сілавікі забралі Руслана Ташцімірава, верніка і бацьку 10 дзяцей. З дому забралі ўсе бел-чырвона-белыя сцягі, кампутар, планшэт, тэлефон, а таксама мяккую цацку парася, якому зрабілі самаробны бел-чырвона-белы парашут. Увечары Руслана адпусцілі з КДБ, ён пад падпіскай аб неразгалошванні.

Да бухгалтара гомельскага інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганны Стрэльчанкі сёння раніцай прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, – паведамляецца ў тэлеграм-канале выдання. Па якой прычыне прыйшлі сілавікі, пакуль невядома. 9 ліпеня прайшлі вобшукі і канфіскацыя камп’ютараў і тэлефонаў у супрацоўнікаў „Сильных новостей”. Усяго было 15 пастаноў на вобшук — на дзесяць супрацоўнікаў. Следчыя дзеянні праходзілі ў работнікаў партала па месцы жыхарства, а таксама на дачах і аўтамабілях. Падставай для вобшуку была крымінальная справа ў дачыненні да жыхароў Гомеля, мужа і жонкі Сняжковых. Нібыта яны ўдзельнічалі ў масавых беспарадках. Следства выказала дапушчэнне, што на носьбітах інфармацыі журналістаў магла быць інфармацыя, карысная для расследавання.

Таксама фатографка з Берасця Вольга Латышава паведаміла ў сваім твітары, што з раніцы сілавікі прыйшлі да яе з ператрусам.

Беларускае Радыё Рацыя

фота мае ілюстрацыйны характар