У Беларусі працягваецца «бум» на нацыянальную сімволіку



«Арт-сядзіба» прапанавала сабраць грошы і замовіць магілёўскаму акцыянернаму таварыству «Стужка» партыю бел-чырвона-белай стужкі шырынёй 35 міліметраў. Але мінімальная замова павінна быць ня менш за 5 тысяч метраў, якія будуць каштаваць 2 тысячы даляраў.

Як адзначае дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус, заклік “скінуцца” вельмі хутка знайшоў водгук сярод людзей і арганізацый, і стужка будзе замоўлена:

 – Мы ўжо даўно вялі перамовы, дзе можна зрабіць стужку. Раней яе рабілі для нас знаёмыя ў Польшчы. І мы падумалі: а чаму бы не паспрабаваць зрабіць яе на прадпрыемстве, якое займаецца гэтым у Беларусі? Атрымалі пазітыўны адказ. Аказалася, што гэтая стужка ёсць ці ў калекцыі, ці ў распрацоўцы. А можа яны раней яе выраблялі. Хутчэй за ўсё, што выраблялі ў 90-ыя. Мы ўжо накіравалі гэтую замову, а Партыя БНФ сказала, што гатовая набыць.

Дзяржаўная фабрыка «Стужка» гатова выканаць замову і ўжо даслала макет, – кажа дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус. Паводле яго, у Беларусі працягваецца «бум» на нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку, якая паспяхова прадаецца праз інтэрнэт-крамы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя