У Беларусі працягваюць пераследаваць філосафа Пятра Рабава
Пятра Рабава затрымалі ў Баранавічах, дзе судзілі нібыта за тое, што лаяўся матам і распаўсюджваў экстрэмісцкую літаратуру. Пакараны 6-ю суткамі арышту, пасля чаго абвясціў галадоўку.
***
У Беларусі працягваецца пераслед кандыдата філасофскіх навук з Расеі Пятра Рабава. Днямі, як вядома, была сарваная ягоная лекцыя, якая мела адбыцца ў Гародні. Тады прадстаўнікамі міліцыі і спецслужбаў былі затрыманыя 20 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з ідэолагам анархізму. Навуковец у ліку іншых быў апытаны і праз некалькі гадзін адпушчаны з мясцовай міліцыі.
У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні, дзе павінна была адбыцца лекцыя, прайшоў агляд памяшкання і забраны дзясятак кніжак Пятра Рабава.
Пасля гэтага Пётр Рабаў скіраваўся ў Баранавічы, дзе таксама мусіла адбыцца сустрэча з прыхільнікамі ягоных поглядаў. Але яна таксама была сарваная сілавікамі.
Паводле апошніх звестак Пятра Рабава ў Баранавічах затрымалі, ужо адбываецца суд над ім. Якое канкрэтна адміністрацыйнае правапарушэнне інкрымінуецца Рабаву – пакуль невядома.
Беларускае Радыё Рацыя