У Беларусі працягваюць рэгістравацца выпадкі адру



Пра чарговыя выпадкі адру ў Беларусі паведаміла 9 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Апошні выпадак быў зарэгістраваны нядаўна ў Менску. „Захворванне выяўленае ў маці і дзіцяці, грамадзян Украіны, — сказала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя. — Яны ехалі ў цягніку Кіеў — Рыга, у дарозе заўважылі ў сябе сып і сышлі ў Мінску, дзе былі шпіталізаваныя”.

Распаўсюджванне гэтага інфекцыйнага захворвання ў Беларусі пачалося з Ваўкавыска, дзе ў лютым мінулага года захварэла пяцігадовая непрышчэпленая дзяўчынка. Яна стала крыніцай для інфікавання іншых.

Усяго з 20 лютага 2018 года, калі ў Беларусі былі выяўленыя першыя хворыя, у краіне зарэгістравана 254 выпадкі адру. Дзяцей сярод хворых — 26%. Пры гэтым каля 27% сярод усіх хворых былі вакцынаваныя. Карабан падкрэсліла, што вакцынацыя супраць адру не абараняе на 100% ад захворвання, але значна палягчае яго цячэнне.

Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя таксама нагадала, што чалавек, які аднойчы перахварэў на адзёр, другі раз на яго не захварэе. Таксама яна паведаміла, што ў 2019 годзе ведамства сумесна з расейскімі калегамі будзе вывучаць пытанні захворвання на адзёр у прышчэпленых людзей.

У Беларусі зафіксаваны вірус В3Dublin 2016 года, які раней на тэрыторыі краіны не цыркуляваў.

БелаПАН