У Беларусі працягваюцца палітычныя чысткі
35-гадовы былы кухар Павел Макаранка з Фаніпаля пакараны 1,5 года «дамашняй» хіміі за тры каментары ў тэлеграм-чатах яшчэ ў 2020 годзе. Гэтыя каментары абразілі, так бы мовіць, армейскага падпалкоўніка Бартыцкага і амонаўца Мацкевіча з Гародні за шчыраванне падчас разгону акцый.
Вынесла прысуд суддзя Дзяржынскага раённага суда Таццяна Фядчук. Павел Макаранка быў затрыманы ў сакавіку, калі прыйшоў уладкоўвацца на новую працу. Змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ўтрымліваўся да суда.
Абвінавачваемы ў судзе сказаў, што кожны чалавек мае права на крытычную ацэнку. Але пасля гучнай прамовы пракурора, што крытычная заўвага не павінна публічна абражаць паважаных людзей пры выкананні службовых абавязкаў, мужчына віну сваю прызнаў. Магчыма, гэта ўратавала яго ад хіміі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.