Усе супрацоўнікі „Рэгіянальнай газеты” на волі (абноўлена)
Усе журналісты „Рэгіянальнай газеты” (Маладзечна), куды сёння прыйшлі прадстаўнікі сілавых структур, на волі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Праведзены агляд памяшкання рэдакцыі. Што канкрэтна канфіскавана, невядома, бо супрацоўнікі газеты далі падпіску пра неразгалошванне. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, канфіскаваная ўся тэхніка.
Раней паведамлялася, што журналісткі выдання Зоя Хруцкая і Анастасія Уткіна не выходзяць на сувязь, а ў рэдакцыі знаходзяцца людзі ў цывільным.
„Таксама раніцай сілавікі прыходзілі да галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча дадому. Яго разам з жонкай павезлі на допыт”, — адзначала БАЖ.
„Рэгіянальная газета” больш за 25 гадоў піша пра падзеі ў сямі суседніх раёнах Менскай і Гарадзенскай абласцей (Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім, Валожынскім, Смаргонскім, Астравецкім, Ашмянскім). ***
У Беларусі працягваюцца ператрусы ў правінцыйных выданнях. На гэты раз сілавікі наведаліся ў недзяржаўную рэгіянальную газету ў горадзе Маладзечна Менскай вобласці.
„Галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча і яго жонку адвезлі на допыт. Акрамя таго, двое супрацоўнікаў выдання не выходзяць на сувязь”, — піша БАЖ.
Паводле падлікаў арганізацыі, за апошнія 10 дзён у рэдакцыях і кватэрах прадстаўнікоў СМІ праведзеныя 63 ператрусы, з пачатку года — 107.
Беларускае Радыё Рацыя