У Беларусі пройдзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання



З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання, асноўным лозунгам якога стане “Правасуддзе без забойства”. Плануецца шмат насычаных па зместу мерапрыемстваў, а вядомыя людзі ўжо выказваюцца ў яго падтрымку.

Сярод іх амбасадарка Швецыі ў Менску Крысціна Юханэсан:

– Я адназначна выступаю супраць смяротнага пакарання, як і Швецыя, бо для ўрада Швецыі гэтае пытанне вельмі важнае. Мы выступаем ва ўсіх краінах свету як раз дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да гэтага пытання. Канешне ж я з задавальеннем далучаюся да гэтай кампаніі, як і да іншых кампаніяў супраць смяротнага пакарання.

Традыцыйна падчас тыдню праводзіцца фэст “Рок за жыццё”. Сёлета ён пройдзе 5-га кастрычніка ў Менску і 6-га – у Магілёве. Сярод удзельнікаў – і гурт Nizkiz. Яго фронтмэн Аляксандр Ільін распавёў пра свой аргумент супраць смяротнага пакарання:

– Правасуддзе – гэта не аксіёма, я маю на ўвазе ў плане вердыкту. Можа быць чалавек, які проста выпадкова апынуўся не ў тым месцы не ў той час, будзе схоплены праваахоўнымі органамі, будзе штосьці прад’яўлена, а пасля праз пэўны час сіламі блізкіх высветліцца, што чалавек не здзяйсняў гэтага, а яго ўжо пакаралі.

Арганізатар Тыдню супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтра „Вясна” запрашае ўсе неабыякавыя арганізацыі і ініцыятывы далучацца да правядзення мерапрыемстваў у межах тыдня.

 

Беларускае Радыё Рацыя