У Беларусі прыгадваюць вывад савецкіх войск з Афганістана
Трыццаць год таму 15 лютага з Афганістана вывелі савецкія войскі.
У гэты дзень у Беларусі праходзяць памятныя імпрэзы, прысвечаныя той вайне. У Глыбокім, што на Віцебшчыне, адбыўся мітынг-рэквіем, на якім ушанавалі памяць загінулых вайскоўцаў падчас той неадназначнай вайны. Усяго з Глыбоцкага раёна ў Афганскай вайне загінула пяць чалавек, неўзабаве пасля яе заканчэння ад ран і хваробаў яшчэ пяць. Паволі адыходзяць і ветэраны.
Як кажуць глыбачане, якім давялося ваяваць на Афганскай вайне, яны ведаюць пра неадназначнае стаўленне людзей да іх і да гэтай вайны. Але ў той час у іх асаблівага выбару не было. 15 лютага для іх адначасова і сумная, і радасная дата.
– Мне хочацца з сябрамі са сваімі сустрэцца, пасядзець, адпачыць, паразмаўляць, прыгадаць афганскія сцяжыны, а астатняе неяк мяне ўжо не цікавіць.
РР: Ідэалогія вас не цікавіць?
– Абсалютна, бо мы ж усе бачым стаўленне да нас. Здаецца так паказуху робяць, ставяцца добра да нас, а ў выніку мы самі па сабе, самі для сябе ўсё робім.
– Гэта гісторыя, нельга забываць, трэба памятаць. З часам гэта ўсё па-іншаму ўсведамляеш. Шкада гэтых хлопцаў, якія там загінулі, маіх сяброў, якіх мы зараз таксама па-ціху губляем. Хацелася б канешне ўсіх нашых хлопцаў павіншаваць з такім юбілейным днём, пажадаць ім здароўя, дабрабыту, усяго самага найлепшага ім і іхнім сем’ям. Хай іх ахоўвае Бог.
Вывад савецкіх войскаў з Афганістана пачаўся 15 траўня 1988 года. Савецкі Саюз абавязаўся вывесці свой вайсковы кантынгент у дзевяцімесячны тэрмін. На працягу першых 3-х месяцаў вывелі палову войскаў. Апошняя ваенная калона перасякла мяжу 15 лютага 1989 года. Таму гэты дзень і лічыцца афіцыйным завяршэннем Афганскай вайны.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя