У Беларусі расейскай вакцынай прышчапілі 25 тысяч чалавек



Працягваецца вакцынацыя беларусаў расейскай вакцынай, паступіла кітайская, а ў сакавіку будзе беларуская.

На думку міністра Дзмітрыя Піневіча, Беларусь знаходзіцца на другой хвалі каронавірусу «з тэндэнцыяй да зніжэння паказнікаў захворвання ва ўсіх рэгіёнах». Ён дапускае, што трэці перыяд уздыму «будзе менш інтэнсіўным», паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Піневіч мяркуе, што шмат будзе залежаць ад «заносу новых штамаў», а таксама «ступені ахопу» вакцынацыяй. Цяпер колькасць прышчэпленых у Беларусі, па інфармацыі міністра, складае амаль 25 тысяч чалавек. Першымі вакцынацыю прайшлі медыцынскія спецыялісты, яшчэ 40 тысяч вакцынаў паступяць у рэгіёны неўзабаве.

Акрамя таго, у Беларусь прывезлі 100 тысяч дозаў кітайскай вакцыны — ёю прышчэпяць 50 тысяч чалавек. Таксама міністр расказаў, што ў сакавіку чакаецца і ўласная вакцына.

Беларускае Радыё Рацыя