У Беларусі раскрылі схему ўвозу і продажу ўжываных шын



У Беларусі раскрылі схему ўвозу і продажу ўжываных шын для грузавікоў. Як інфармуе прэс-служба Берасцейскай мытні, яе арганізаваў індывідуальны прадпрымальнік з Пінска.

З чэрвеня да лістапада 51-гадовы мужчына незаконна ўвозіў у нашу краіну ўжываныя шыны з Польшчы і Нямеччыны. А яны абмежаваныя для ўвозу на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза і адносяцца да катэгорыі небяспечных адкідаў.

Увозіліся шыны пад выглядам колаў у зборы для грузавых аўтамабіляў. Ужо ў Беларусі, Расеі ці Казахстане шыны здымаліся з колаў і прадаваліся. Агульная сума ўвезенага з замежжа ацэнена на суму больш за 80 тысяч рублёў.

Берасцейскія мытнікі забралі больш за 2 тысячы старых шын, звыш 65 тысяч еўра і залатыя зліткі. Крымінальную справу распачалі па артыкуле «кантрабанда». Па ёй у якасці падазраванага праходзіць 34-гадовы жыхар Берасцейшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя